Краязнаўчы музей зноў сустракае сваіх сяброў

Ужо стала добрай традыцыяй для супрацоўнікаў Краязнаўчага музея з новага навучальнага года сустракаць на музейна-педагагічных занятках маленькіх палачан.

Пры падрыхтоўцы заняткаў выбіраюцца найбольш цікавыя тэмы, адбіраюцца матэрыялы, якія могуць бачыць у большасці сваёй толькі супрацоўнікі аддзела фондаў, рыхтуюцца дадатковыя нагляднасці.

Занятак па тэме "Здравствуй, музей!" для вучняў 2 класа - гэта цэлая навука. Навуковыя супрацоўнікі з выкарыстаннем музейнай экспазіцыі даступна тлумачаць дзецям азы музеязнаўства. Пасля занятку дзеці з лёгкасцю разбіраюцца, чым адрозніваецца старажытны прадмет ад сучаснага, адкуль пайшла назва "музей", і як звычайныя прадметы становяцца музейнымі экспанатамі.

Для вучняў 4 класа, якія ў музей наведваюцца ўжо не першы год, у верасні праходзіць занятак па тэме "У якіх багоў верылі нашы продкі". Тэма не толькі цікавая сама па сабе, але і запатрабавана школьнай праграмай. Ужо не першы год яе вывучаюць на ўроках "Мая Радзіма - Беларусь". Дзяцей сустракае супрацоўнік у прыгожым касцюме, праводзіць з вучнямі гульні, водзіць карагоды, спявае песні. Пасля занятку школьнікі самі змогуць сказаць сваім бацькам, чаму немаўлят называлі "лялька", што такое "стрэлы Пяруна", навошта жыхарам нашай зямлі патрэбна было капішча, для чаго старажытныя чараўнікі рабілі лялек у вобразе Бабы Ягі. Замацоўваюцца веды пры дапамозе камп'ютарнай гульні, распрацаванай супрацоўнікамі музея-запаведніка.

Для школьнікаў і студэнтаў у гэтым навучальным годзе Краязнаўчы музей прапануе наступныя музейна-педагагічныя заняткі:

- "Здравствуй, музей";
- "У якіх багоў верылі нашы продкі";
- "Князёўна з трыма імёнамі. Князь Ізяслаў";
- "Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч";
- "Па шляху "з варагаў у грэкі";
- "У краіне майстроў";
- " У абарону сваёй зямлі" (ХІІІ-ХV ст.ст.);
- "Полацк у Лівонскую вайну";
- "1812 год на Полаччыне";
- "Славутыя выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса";
- "Па якіх законах жылі нашы продкі";
- "Страчаная спадчына";
- "Полацк у мiжваенны час. 1920-1941 гг.";
- "Манументальныя помнікі нашага горада. Падарожжа па праспекту Францыска Скарыны";
- "Прагулка па Ніжне-Пакроўскай".
416