Выстава «У люстэрку міфалогіі»


Інсітнае мастацтва… Мала каму знаёмы гэты тэрмін. Ён узнік у 1960-х гадах і азначае наіўнае ці прымітыўнае мастацтва (ад лацінскага insitus – «прыродны»). У Беларусі гэты напрамак актыўна развіваецца з 1990-х гадоў. Яго асаблівасць — у адсутнасці прафесійнай адукацыі ў аўтараў, але наяўнасці ў іх вялізнага таленту і душэўнай шчодрасці. Тым больш, што ў 2020 годзе інсітнае (наіўнае) мастацтва атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

Прыродна-экалагічны музей г. Полацка запрашае на выставу «У люстэрку міфалогіі», дзе вы пазнаёміцеся з работамі ў напрамку інсітнага мастацтва, выкананымі ўдзельнікамі народнага клуба мастакоў-аматараў «Контур» культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо горада Віцебска „Дзвіна“».

На выставе прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы, у аснову якіх пакладзены беларускія міфы і легенды, а таксама экспануецца драўляная скульптура міфалагічных істот, з якімі сябравалі і якіх баяліся нашы продкі.

Выстава «У люстэрку міфалогіі» — гэта не толькі даніна павагі да багатай культурнай спадчыны Беларусі, але і магчымасць дыялогу паміж мінулым і сучаснасцю, даследаванне ідэнтычнасці і духоўнасці беларускага народа.

961