Выстава «І ў любві да цябе я не раз буду клясціся…» (да 85-годдзя з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна)


28 жніўня ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачынае працаваць выстава, прысвечаная жыццю і дзейнасці беларускага паэта, журналіста і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна з нагоды яго 85-гадовага юбілею.

Лёс гэтага чалавека непасрэдна звязаны з Полацкам, які стаў яму найдаражэйшым месцам на ўсё жыццё і якому не раз ён прысвячаў свае вершы. Бо менавіта з Полацка, куды сям’я паэта пераехала з Расоншчыны, бярэ пачатак літаратурная творчасць Генадзя Бураўкіна.

Лірыка Г. Бураўкіна напоўненая шчырасцю і сардэчнасцю, таму нездарма на многія вершы паэта напісаны шмат папулярных песень: «Зачарованая мая», «Белы снег», «Малітва» і іншыя. «Калыханку» ж на словы Генадзя Мікалаевіча кожны вечар па тэлебачанні пяюць маленькім беларусам.

Нельга не адзначыць актыўную грамадскую і дзяржаўную дзейнасць Г. Бураўкіна на розных пасадах: старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН, намесніка міністра культуры, старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны і інш.

На выставе будуць прадстаўлены разнастайныя выданні, прадметы, фотаздымкі з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама з асабістага збору сям’і Бураўкіных.

1573