Положение о научно-исследовательской работе

І. Мэты, задачы і змест навукова-даследчай работы.

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (НПГКМЗ) з’яўляецца навукова-даследчай установай, таму адна з яго асноўных задач – навукова-даследчая дзейнасць у галіне беларускай гісторыі і культуры. НПГКМЗ праводзіць навуковае вывучэнне музейных прадметаў, стварае камп’ютарную інфармацыйна-пошукавую сістэму на базе сваіх калекцый, здзяйсняе навуковыя даследаванні, арганізуе экспазіцыі, рыхтуе да публікацый фондавыя матэрыялы. Навукова-даследчая работа (НДР) - адзін з асноўных напрамкаў у рабоце запаведніка, на якім грунтуюцца ўсе астатнія віды музейнай дзейнасці: навуковае камплектаванне, фондавазахаваўчая, экспазіцыйна-выставачная, адукацыйна-выхаваўчая, метадычная і рэстаўрацыйная. Напрамкі навуковых даследаванняў НПГКМЗ вызначаюцца мэтамі і задачамі навуковага дакументавання працэсаў развіцця прыроды і грамадства Полацка і Полацкага краю. Тэматыка НДР павінна адпавядаць навуковаму профілю пэўнага філіяла і аддзела НПГКМЗ, характарызавацца навізной разглядаемых пытанняў ці праблем, крыніцазнаўчага ахопу ці аспектаў іх аналізу, арыгінальнасцю методыкі даследавання ці раней невядомымі фактамі. Распрацоўка тэм вядзецца ў асноўным на базе матэрыялаў музея і праведзеных навуковых камандзіровак і экспедыцый. Калі ў выкананні НДР удзельнічае некалькі навуковых аддзелаў ці іншыя ўстановы, то такая НДР лічыцца комплекснай (КНДР).

ІІ. Накірункі навукова-даследчай работы запаведніка:

  • музеялогія,
  • музеефікацыя,
  • музейная сацыялогія,
  • музейная педагогіка,
  • гісторыя,
  • археалогія,
  • гістарыяграфія,
  • культура,
  • рэлігія,
  • паўсядзённасць,
  • літаратура,
  • беларускае кнігадрукаванне і выдавецкая дзейнасць,
  • мастацтва,
  • педагогіка,
  • інфарматыка,
  • прырода краю,
  • экалогія,
  • этнаграфія.

ІІІ. Віды навукова-даследчай дзейнасці:

  • даследаванні ў галіне беларускай гісторыі, гісторыі навукова-асветніцкай работы і дзяржаўнага музейнага збору;
  • аналіз, разбор, сістэматызацыя, атрыбуцыя, вызначэнне і навуковае апісанне музейных прадметаў, іх пашпартызацыя і каталагізацыя;
  • падрыхтоўка да публікацыі помнікаў, манаграфій, навуковых артыкулаў, гістарыяграфіі, бібліяграфій, альбомаў, буклетаў, дапаможнікаў, гістарычных даведак, тэзісаў, дакладаў, каментараў;
  • распрацоўка навуковай канцэпцыі (развіцця запаведніка, музея, тэматычнай выставы, камплектавання фондаў…);
  • распрацоўка тэматычнай структуры, тэматыка-экспазіцыйнага плана, канцэптуальнай схемы экспазіцыйнай прасторы (экспазіцыі, тэматычнай выставы);
  • падрыхтоўка аўтарскіх тэкстаў і эксплікацый да экспазіцый і выстаў;
  • складанне навуковых пашпартоў на музейныя прадметы асноўнага фонду;
  • складанне навуковых каталогаў калекцый;
  • напісанне навуковага артыкула, даклада па выніках даследавання;
  • выступленне з падрыхтаванымі навуковымі дакладамі і выступленнямі на канферэнцыях, семінарах, чытаннях, пасяджэннях навукоўцаў, праблемных і навуковых саветаў;
  • напісанне гістарычных і біяграфічных даведак па выніках даследавання;
  • навуковыя агляды і аналіз фондавых калекцый;
  • складанне разгорнутых доўгатэрміновых праграм камплектавання фондаў;
  • распрацоўка праграм тэматычных экспедыцый і навуковых камандзіровак;
  • распрацоўка праграм па музейнай педагогіцы;
  • навуковыя справаздачы аб археалагічных раскопках і тэматычных экспедыцыях;
  • напісанне рэцэнзій на ўсе віды навуковых работ;
  • складанне дакументацыі і распрацоўка методыкі рэстаўрацыі музейных рэчаў;
  • пошук шляхоў павышэння фізічнай захаванасці музейных прадметаў, метадаў барацьбы з іх разбурэннем і новых прынцыпаў рэстаўрацыі, выпрацоўка адпаведных практычных рэкамендацый;
  • стварэнне, пашырэнне і ўдасканаленне фактаграфічных баз дадзеных, ахоўнага відэаграфічнага банка, а таксама баз дадзеных тэхніка-тэхналагічных даследаванняў музейных прадметаў і іх рэстаўрацыі;
  • пошук спосабаў атрымання і выкарыстання розных відаў лічбавых выяў;
  • распрацоўка навукова-метадычных матэрыялаў у галіне музейнай справы, у тым ліку метадычных распрацовак па навукова-асветніцкай рабоце (экскурсійнай, лекцыйнай, гуртковай і інш.) і музейнай педагогіцы, асветніцкіх і адукацыйных праграм, цыклаў музейных мерапрыемстваў.

IV. Арганізацыя навукова-даследчай работы, яе планаванне і справаздачнасць.

Навукова-даследчая работа ў запаведніку праводзіцца згодна з перспектыўным і гадавым планамі. Навукова-метадычны савет (НМС) абмяркоўвае і зацвярджае асноўныя напрамкі навукова-даследчай работы, рэкамендуе навуковым супрацоўнікам тэмы навуковай работы.

Кожны навуковы супрацоўнік НПГКМЗ, які займае навуковую пасаду (малодшы навуковы супрацоўнік, навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, вядучы навуковы супрацоўнік, галоўны захавальнік, заг. філіяла, заг. навуковага сектара, заг. навуковага аддзела, нам. дырэктара па навуковай рабоце), павінны весці НДР.

Абраная навуковым супрацоўнікам ці рэкамендаваная яму тэма НДР, узгодненая ў аддзеле ці філіяле, дзе ён працуе, выносіцца на разгляд (НМС).

Для разгляду тэмы на НМС навуковы супрацоўнік прадстаўляе яе разгорнутае абгрунтаванне, паэтапны план, матэрыялы, якія прадугледжана выкарыстаць, а таксама пералік камандзіровак і экспедыцый. У абгрунтаванні трэба вызначыць канечны вынік НДР, магчымыя шляхі рэалізацыі вынікаў і аб’ём (у колькасці аўтарскіх аркушаў, напрыклад), плануемы тэрмін завяршэння НДР.

Зацвярджэнне тэмы з’яўляецца падставай для прадастаўлення бібліятэчных дзён і камандзіровак. Навуковай работай супрацоўнік займаецца ў свой працоўны час і на сваім працоўным месцы, акрамя таго, ён мае права на 2 бібліятэчныя дні кожны месяц.

Падчас складання асабістых планаў навукова-даследчай работы кожны аддзел і філіял распрацоўвае абавязковыя для навуковых супрацоўнікаў нормы на некаторыя віды НДР (колькасць навуковых пашпартоў з улікам неапрацаваных раней калекцый; колькасць экспанатаў, якія супрацоўнік павінен сабраць за год; колькасць артыкулаў).

Кантроль за выкананнем планаў навукова-даследчай работы і яе ўлік ускладаецца на намесніка дырэктара запаведніка па навуковай рабоце. Непасрэднае кіраўніцтва НДР у навуковым філіяле ці аддзеле здзяйсняе яго загадчык, які нясе адказнасць за:

  • адпаведнасць тэматыкі задачам і профілю філіяла ці аддзела;
  • своечасовасць выбару тэмы і ўнясенне яе на разгляд НМС;
  • актуальнасць праводзімых даследаванняў;
  • забеспячэнне выканання даследавання ў пэўным аб’ёме;
  • выкананне планавых тэрмінаў;
  • абгрунтаванне карэкціроўкі аб’ёмаў і тэрмінаў выканання НДР;
  • арганізацыю разгляду (рэцэнзавання) завершаных работ ці іх асноўных этапаў;
  • змест, паўнату справаздачы аб НДР (пры гэтым у справаздачы неабходна прывесці назвы публікацый і месцы іх выдання).

Падрыхтаваныя навуковымі супрацоўнікамі работы рэцэнзуюцца загадчыкамі аддзелаў ці філіялаў, а пры неабходнасці - спецыялістамі іншых устаноў, і прадстаўляюцца разам з рэцэнзіямі на НМС не пазней, чым за месяц да тэрміну здачы. Пасля абмеркавання на радзе работа дапрацоўваецца на працягу 20 дзён і ў надрукаваным выглядзе (2 экз.) здаецца ў навуковы архіў.

У выпадку, калі напісанне навукова-даследчай работы разлічана на больш працяглы тэрмін, чым адзін год, яна плануецца і выконваецца паэтапна.

НДР лічыцца завершанай, калі па яе выніках падрыхтавана справаздача з дадаткам падрыхтаваных для яе рэалізацыі матэрыялаў работы (рукапісы манаграфіі, альбома, артыкула, даклада, гістарычнай даведкі, навуковай справаздачы па выніках экспедыцыі, каталога, карт, падрыхтаванай да публікацыі пісьмовай крыніцы, картатэкі, методыкі, канцэпцыі, пашыранай структуры, тэматыка-экспазіцыйнага плана і г.д.), а вынікі НДР разгледжаны і прыняты НМС. У якасці справаздачы можа разглядацца даклад супрацоўніка па выніках НДР на штогадовых выніковых навуковых канферэнцыях НПГКМЗ, які атрымаў станоўчую адзнаку прысутных на канферэнцыі спецыялістаў.

Узровень падрыхтоўкі і якасць навукова-даследчай работы кожнага супрацоўніка з'яўляюцца вызначальнымі для адзнакі яго дзейнасці пры правядзенні атэстацыі.

З мэтай папулярызацыі навуковых даследаванняў у запаведніку штогод праводзяцца навукова-практычныя канферэнцыі, на якіх кожны навуковы супрацоўнік павінен выступіць са справаздачай па выніках сваёй навукова-даследчай работы. Навуковыя даклады супрацоўнікаў запаведніка пасля канферэнцыі па прадстаўленні кіраўніка філіяла ці аддзела абмяркоўваюцца яшчэ раз членамі НМС і рэкамендуюцца да ўключэння ў штогадовы зборнік матэрыялаў па выніках навукова-даследчай работы запаведніка.

Падрыхтоўкай навуковых работ да выдання займаецца рэдакцыйная рада, абраная з ліку членаў НМС на чале з намеснікам дырэктара запаведніка па навуковай рабоце.