Дом № 47 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Двухпавярховы будынак № 47 па вул. Ніжне-Пакроўскай быў пабудаваны ў 1958 г. Першапачаткова тут размяшчаўся дзіцячы садок Полацкага завода шкловалакна. На пачатку 2000-х гг. будынак быў прыстасаваны пад жылыя кватэры.

Цікава, што тэрыторыя сучаснага дома № 47 ахоплівае плошчу двух гістарычных участкаў вул. Ніжне-Пакроўскай сярэдзіны XIX ст. У 1859–60 гг. уласнікам аднаго з іх быў полацкі мешчанін Арон Баркан. Забудова яго ўчастка складалася з драўлянага жылога дома, гаспадарчых пабудоў і гандлёвай лаўкі.

Зямля ў межах другога ўчастка належала Сафійскаму сабору і была здадзена ў арэнду мешчаніну Ізраілю Авелеву Ройнесу. Па ўмовах кантракта памер штогадовай арэнднай платы складаў 60 капеек срэбрам. На участку былі размешчаны тры драўляныя жылыя дамы і гаспадарчыя пабудовы.

Па лініі заходняга фасада існуючага дома № 47 сёння можна вызначыць гістарычную трасу вуліцы Баравой, якая ўпершыню картаграфічна зафіксавана ў канцы XVIII ст. і існавала амаль да сярэдзіны ХХ ст.

Вядомым жыхаром дома № 47 па вул. Ніжне-Пакроўскай з’яўляецца Якаў Аляксандравіч Барысаў (1938 г. н.). Якаў Аляксандравіч пачаў працу на Полацкім заводзе шкловалакна ў 1960 г. у якасці стропальшчыка, пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута ў 1966 г. ён заняў пасаду начальніка цэха завода, а ў 1983 г. узначаліў прадпрыемства.

Я.А. Барысаў працаваў на пасадзе дырэктара Полацкага вытворчага аб’яднання «Шкловалакно» да 1998 г. Дзякуючы высокаму прафесіяналізму і самаадданай працы ў 1974 г. ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1988 г. яму прысвоена званне «Ганаровы хімік СССР». Сёння Якаў Аляксандравіч з’яўляецца ветэранам ВА «Полацк-Шкловалакно», у 2015 г. ён быў узнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі перад Полацкам», з 2016 г. – з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам г. Полацка.

 

<<  Дом №46 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №48 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>