Дом № 48 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 48 па вул. Ніжне-Пакроўскай – тыповы прадстаўнік гарадской каменнай жылой забудовы пачатку ХХ ст. Архітэктура гэтага помніка адносіцца да стылістыкі эклектызму канца XIX – пачатку XX ст., для якой характэрна сумяшчэнне цэлага шэрагу архітэктурных стыляў розных эпох.

Гістарычныя дакументы сведчаць, што ў 1859–60 гг. участак на вул. Ніжне-Пакроўскай, дзе пазней быў пабудаваны існуючы дом, належаў полацкаму мешчаніну Вульфу Таўбіну. У гэты перыяд на тэрыторыі сучаснага домаўладання размяшчаўся драўляны дом, які часткова трапіў пад пазнейшую забудову. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні дазволілі выявіць, што ў канцы XIX – пачатку XX ст. на змену драўлянаму збудаванню прыйшоў невялікі аднапавярховы цагляны дом з драўляным флігелем ці прыбудовай, які загінуў у пажары (хутчэй за ўсё ў 1912 г., калі значная частка гістарычнага цэнтра Полацка была знішчана агнём). Існуючы сёння дом быў узведзены пасля 1912 г., яго паўночны фасад быў звернуты на вул. Ніжне-Пакроўскую, а усходні – знаходзіўся на лініі вуліцы Баравой.

На пачатку ХХ ст. выгляд дома № 48 нязначна адрозніваўся ад сучаснага, ён выкарыстоўваўся як жылы будынак для адной сям’і гараджан.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны дом панёс значныя страты, але збольшага захаваў свой першапачатковы выгляд. У 1946 г. будынак быў адноўлены і доўгі час у ім месціліся жылыя кватэры. Сёння дом № 48 па вул. Ніжне-Пакроўскай з’яўляецца прыватнай уласнасцю.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 дом № 48 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №47 па вул. Ніжне-Пакроўскай