Дом № 46 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 46 па вул. Ніжне-Пакроўскай – яскравы прадстаўнік гарадской каменнай жылой забудовы пачатку ХХ ст. Архітэктура гэтага помніка адносіцца да стылістыкі эклектызму канца XIX – пачатку XX ст., для якой характэрна сумяшчэнне цэлага шэрагу архітэктурных стыляў розных эпох.

Цікава, што ў сярэдзіне – другой палове ХIX ст. зямельны ўчастак, дзе размешчаны існуючы будынак, быў значна шырэйшым і ўключаў практычна ўсю тэрыторыю суседняга домаўладання (дома № 44). Валодаў гэтым участкам полацкі мешчанін Арон Шыф. Тэрыторыя мела даволі шчыльную забудову, на ёй месцілася чатыры драўляныя дамы з гаспадарчымі пабудовамі.

Існуючы сёння двухпавярховы цагляны будынак быў узведзены на пачатку ХХ ст. у якасці жылога. Існуюць звесткі, што некаторы час у ім дзейнічала гарадская аптэка. У савецкі час у будынку месціліся жылыя кватэры.

У сярэдзіне 1990-х гг. прадпрыемствам «Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут» быў распрацаваны праект рэстаўрацыі аб’екта з прыстасаваннем пад музейную экспазіцыю. 28 мая 2004 г. у будынку пачаў сваю дзейнасць Дзіцячы музей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Тэрыторыя музея ўпрыгожана паркавымі скульптурамі беларускага мастака-скульптара П. Вайніцкага – «Хлопчык-гадзіншчык» (2004 г.), «Дзяўчынка з сонечным гадзіннікам» (2005 г.)

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 дом № 46 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №35 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №47 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>