Дом № 35 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 35 па вул. Ніжне-Пакроўскай пабудаваны ў другой палове XIX ст. як жылы. Архітэктура гэтага аднапавярховага, «Г»-падобнага ў плане цаглянага будынка мае рысы класіцызму, для якога ўласцівы велічная прастата, строгасць, лаканізм, адсутнасць шматлікіх дэталяў.

Вядома, што ў 60-я гг. XIX ст. на тэрыторыі існуючага дома знаходзілася даволі значная па памерах сядзіба, якая належала двараніну Луку Андрэеву Ульяшанкаву. У склад сядзібы ўваходзілі два драўляныя жылыя дамы з гаспадарчымі пабудовамі і каменны свіран. Цікава, што план дома № 35 цалкам супадае з планам вышэй згаданага каменнага свірна 1859–1860 гг., такім чынам, існуючы жылы будынак узнік у другой палове XIX ст. непасрэдна на месцы былога гаспадарчага збудавання ў выніку яго перабудовы і прыстасавання.

Да сённяшняга дня ў доме № 35 па вул. Ніжнепакроўскай размяшчаюцца жылыя кватэры, частка памяшканняў выкарыстоўваецца ў якасці адміністрацыйных прыватнымі ўласнікамі.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 дом № 35 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №34 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №46 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>