Дом № 34 па вул. Ніжне-Пакроўскай

З.М. Тусналобава-Марчанка (1920–1980 гг.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 34 па вул. Ніжне-Пакроўскай з’яўляецца адным з нешматлікіх ацалелых да сённяшняга часу прыкладаў гарадской драўлянай жылой забудовы першага пасляваеннага дзесяцігоддзя (1944–1954 гг.).

Варта адзначыць, што тэрыторыя размяшчэння сучаснага дома на працягу шматлікіх стагоддзяў з’яўлялася важнай часткай забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай і была шчыльна заселена. Вядома, што ў XVI–XVIII стст. раён сучаснага дома № 34 з паўднёвага і ўсходняга бакоў быў акружаны абрывам берагавой лініі, дзе размяшчалася вусце рова і паўднёвая частка ўмацаванняў Вялікага пасада (крапасная сцяна з вежамі). У сярэдзіне XIX ст. на гэтым участку знаходзілася буйная сядзіба, якая належала полацкаму мешчаніну Залману Баркану. Тут быў узведзены вялікі драўляны дом на каменным паўпадвале і шматлікія гаспадарчыя пабудовы.

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў раёне сучаснага дома № 34 знаходзілася драўляная жылая забудова, якая была страчана падчас баявых дзеянняў і ўзноўлена ў існуючым выглядзе ў першыя пасляваенныя гады.

З 15 сакавіка 1955 г. па 18 сакавіка 1976 гг. у доме № 34 жыла знакамітая палачанка – Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза, Ганаровы грамадзянін г. Полацка, якая за восем месяцаў на фронце ў званні гвардыі старшыны медыцынскай службы вынесла з поля бою 123-х параненых. З.М. Тусналобава-Марчанка трэцяй з савецкіх медсясцёр узнагароджана медалём Ф. Найцінгейл (1965 г.). Важна адзначыць, што менавіта ў існуючым доме ў 1957 г. Зінаідзе Міхайлаўне была ўручана залатая зорка Героя Савецкага Саюза.

 

<<  Дом №33 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №35 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>