Дом № 33 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Паўднёвы фасад Дома Пятра І. Від з боку вул. Ніжне-Пакроўскай. (фота 1902 г.)

 

Заходні фасад Дома Пятра І. (фота пачатку ХХ ст.)

 

Дом Пятра І (фота другой паловы 40-х гг. ХХ ст.)

 

Дом Пятра І (фота 1944 г.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 33 па вул. Ніжне-Пакроўскай (вядомы як Домік Пятра І) – самая старая грамадзянская пабудова ў Полацку. Архітэктура гэтага будынка мае рысы стылю барока, для якога ўласцівы складанасць форм, дынамічнасць вобразу, імкненне да велічнасці і пышнасці.

Агульнавядомая дата ўзвядзення Доміка Пятра І – 1692 г., але сучасныя археалагічныя даследаванні дазваляюць аднесці пачатак яго будаўніцтва да сярэдзіны XVII ст. Першапачаткова будынак быў драўляным, на высокім каменным цокалі, аднак пасля значных пашкоджанняў у гады руска-польскай вайны (1654–1667 гг.) у канцы XVII ст. ён быў адбудаваны ужо з цэглы. Чарговы маштабны рамонт будынка адбыўся ў 1780 г. у сувязі з наведваннем Полацка імператрыцай Кацярынай ІІ.

На працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. існуючы дом функцыянаваў як жылы, вядомы і прозвішчы большасці яго ўласнікаў. У 1818 г. будынак належаў сям’і Сінябутавых, пасля смерці гаспадара Івана Сінябута яго ўдава прадала будынак палкоўніку Людвігу Іванавічу Штэрасу, праз некаторы час новым уладальнікам дома стаў Васіль Андрэевіч Сабалеўскі, які ў хуткім часе прадаў сваю нерухомасць тытулярнаму саветніку Андрэю Васільевічу Камянкову. У другой палове ХІХ ст. дом належаў сям’і Вітэнберг, а апошнім вядомым сёння ўласнікам Доміка Пятра І з 1871 па 1917 г. быў вядомы полацкі банкір Беніямін Лазаравіч Баркан.

Да Вялікай Айчыннай вайны будынак выкарыстоўваўся ў якасці жылля, а пасля вызвалення Полацка ў 1944 г. у ім размясцілася гарадская бібліятэка, пазней – дзіцячая. У 1964 г. дзіцячай бібліятэцы было нададзена імя Льва Талстога, а перад галоўным фасадам будынка ўстаноўлены помнік знакамітаму пісьменніку. У 1997 г. бібліятэка была перанесена ў іншы раён горада, а ў Доміку Пятр І размясціўся музей Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка – стацыянарная выстава «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай».

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 дом № 33 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №30 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №34 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>