Дом № 30 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 30 па вул. Ніжне-Пакроўскай пабудаваны ў першай палове XIX ст. як жылы. Каменны двухпавярховы будынак выкананы ў стылістыцы класіцызму, яго архітэктуры ўласцівы велічная прастата, строгасць, лаканізм форм, адсутнасць шматлікіх дэталяў.

Варта адзначыць, што каменны будынак на месцы сучаснага дома № 30, пазначаны як «обывательское строение», прысутнічае на ўсіх планах Полацка, пачынаючы з 1778 г., але звесткі аб яго знешнім выглядзе да сярэдзіны XIX ст. на сённяшні дзень адсутнічаюць. Вядома, што ў 1859-60 гг. існуючы двухпавярховы каменны будынак быў ужо ўзведзены, у ім размяшчалася яўрэйскае казённае вучылішча 1-га разраду. Аднак дакладная дата пачатку будаўніцтва не вядома.

Гістарычны ўчастак, на якім размяшчаўся існуючы дом, у сярэдзіне XIX ст. належаў полацкаму мешчаніну Лейбе Ліўшыцу, яго памеры значна перавышалі памеры сучаснай тэрыторыі дома № 30, акрамя яўрэйскага вучылішча тут размяшчалася чатыры драўляныя дамы і гаспадарчыя пабудовы.

На пачатку ХХ ст. у доме № 30 па вул. Ніжне-Пакроўскай нейкі час месціўся гарадскі банк, а пасля кастрычніцкай рэвалюцыі будынак быў муніцыпалізаваны і да сённяшняга часу выкарыстоўваецца ў якасці жылога.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578 дом № 30 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №26 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №33 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>