Дом № 26 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 26 па вул. Ніжне-Пакроўскай пабудаваны на пачатку XX ст. як жылы. Будынак з’яўляецца цікавым помнікам архітэктуры з элементамі стылю «мадэрн», якому ўласцівы адыход ад класічных строгіх форм і шырокае выкарыстанне дэкаратыўных сродкаў.

Цікава, што ў сярэдзіне – другой палове ХIX ст. папярэднікам існуючага дома № 26 быў таксама двухпавярховы каменны жылы будынак, аднак ён быў арыентаваны перпендыкулярна вул. Ніжне-Пакроўскай (на вуліцу выходзіў сваім тарцавым бокам). Участак з домаўладаннем належаў дзісненскай памешчыцы Пелагеі Данілавай Паўловічавай.

На пачатку ХХ ст. побач з ўжо існаваўшым домам быў узведзены цагляны двухпавярховы жылы будынак, што дайшоў да нашага часу.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578 дом № 26 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №23 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №30 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>