Дом № 23 па вул. Ніжне-Пакроўскай

М.Д. Гнядоўскі (1880–1921 гг.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Аднапавярховы жылы дом № 23 па вул. Ніжне-Пакроўскай быў узведзены ў 1910 г., ён з’яўляецца тыповым прыкладам гарадской драўлянай жылой забудовы пачатку ХХ ст.

Дакументы сведчаць, што існуючаму будынку папярэднічаў падобны ў плане драўляны дом, побач з якім знаходзіліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Гэтая сядзіба ў сярэдзіне XIX ст. належала двараніну Станіславу Кляпацкаму, які набыў яе ў 1832 г. у полацкага мешчаніна Моўшы Іцкава Рабіновіча.

З часу сваёй пабудовы на пачатку ХХ ст. і да сённяшняга дня існуючы дом выкарыстоўваўся ў якасці жылога. Адным з яго вядомых жыхароў быў Мікалай Дзмітрыевіч Гнядоўскі (1880–1921 гг.) – таленавіты ўрач-тэрапеўт, які да кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў полацкім павятовым урачом, з 1920 г. займаў пасаду тэрапеўта пры Полацкай народнай лякарні. У 1921 г. М.Д. Гнядоўскаму было прысвоена званне «Герой працы».

З 1933 па 1971 г. у доме № 23 па вул. Ніжне-Пакроўскай пражывала Леанчыя Аляксандраўна Селівёрстава – выдатны ўрач-стаматолаг. Пасля заканчэння ў 1954 г. Ленінградскага медыцынскага інстытута Леанчыя Аляксандраўна пачала працу зубным урачом у Полацку, а ўжо ў 1958 г. яна заняла пасаду загадчыка зубапратэзнага аддзялення гарадской бальніцы. Дзякуючы ініцыятыве Л.А. Селівёрставай стала магчымым адкрыццё ў Полацку стаматалагічнай паліклінікі, якую яна ўзначальвала на працягу 26 гадоў (з 1961 па 1987 г.).

 

<<  Дом №22 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №26 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>