Дом № 22 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Від на забудову вул. Ніжне-Пакроўскай з боку р. Заходняй Дзвіны (канец ХІХ – пачатак ХХ стст.)

 

Від на Полацкі Богаяўленскі манастыр (канец ХІХ – пачатак ХХ стст.)

 

Дваровая тэрыторыя будынка былых манаскіх келляў Богаяўленскага манастыра. Від з поўдня. (фотаздымак 1986 г.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 22 па вул. Ніжне-Пакроўскай – будынак былых манаскіх келляў Богаяўленскага манастыра. Помнік, узведзены ў другой палове XVIII ст., з’яўляецца ўзорам архітэктурнага стылю барока з элементамі класіцызму.

Полацкі Богаяўленскі манастыр быў заснаваны ў 1582 г. На працягу доўгага часу абіцель з’яўлялася галоўным цэнтрам праваслаўя ў горадзе.

Гістарычныя дакументы сведчаць, што ў 1633 г. князь Леў Самуіл Агінскі і міравы земскі суддзя Севасцьян Мірскі выдзелілі ўчастак зямлі па вул. Вялікай (сучаснай Ніжне-Пакроўскай) для будаўніцтва брацкай школы і тэатра пры Богаяўленскім мужчынскім манастыры. З 1656 па 1659 г. у брацкай школе выкладаў знакаміты беларускі пісьменнік і педагог Сімяон Полацкі.

Першапачаткова будынкі манастыра (жылы корпус і царква) былі драўлянымі і неаднаразова адбудоўваліся пасля пажараў (1683 г., 1757 г.). Богаяўленская царква была ўзведзена ў камені ў 1761–1779 гг., а існуючы сёння мураваны будынак манаскіх келляў – у другой палове XVIII ст. на ахвяраванні Кацярыны II, што наведала манастыр у 1780 г. У гістарычных крыніцах пачатак будаўніцтва каменных жылых карпусоў датаваны 1783 г. Існуе меркаванне, што ў праектаванні манастырскіх будынкаў мог прымаць удзел выдатны майстар эпохі класіцызму Джакома Кварэнгі.

У арыентаваным уздоўж Ніжне-Пакроўскай вуліцы крыле Г-падобнага двухпавярховага мураванага будынка месціліся брацкія келлі, у вуглавой частцы знаходзілася цёплая царква Св. Кацярыны, у меншым крыле – пакоі ігумена і «трапезная». У 1803 г. у галоўным манастырскім корпусе на другім паверсе была размешчана царква ў імя Прападобнай Еўфрасінні.

У час Айчыннай вайны 1812 г. Богаяўленскі манастыр быў моцна разрабаваны. У наступныя дзесяцігоддзі ХІХ ст. будынак жылога корпуса неаднаразова рамантаваўся (у 1817, 1832–1836, 1861–1863 гг.).

У 1792–1812 гг. у існуючым будынку размяшчалася багадзельня, з 1879 г. яго ніжні паверх быў часткова прыстасаваны пад кватэры, а з 1881 па 1890 г. там дзейнічала бясплатная жаночая школа.

Да кастрычніцкай рэвалюцыі жылы корпус брацкай школы выкарыстоўваўся для патрэб Богаяўленскага манастыра, а ў 1922 г. абіцель спачатку была прыпісана да Свята-Мікалаеўскага сабора, а ў хуткім часе і ўвогуле скасавана. У 20-я гг. ХХ ст. у будынку былой брацкай школы месцілася вайсковая часць. З 1957 г. да сярэдзіны 1980-х гг. двухпавярховы корпус з’яўляўся жылым домам, у адным з памяшканняў першага паверха з боку ўсходняга фасада знаходзілася крама. У 1985 г. пачаліся папярэднія работы па даследаванню будынка з мэтай яго рэстаўрацыі і прыстасавання пад музей. У 1990 г. тут быў адкрыты Музей беларускага кнігадрукавання, у 1994 г. – Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага, якія дзейнічаюць у будынку і сёння.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 ансамбль Богаяўленскага манастыра ў Полацку ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №20 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №23 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>