Дом № 20 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Забудова вул. Ніжне-Пакроўскай, від на францысканскі касцёл Св. Антонія (малюнак канца XVIII ст.).

 

Від на забудову вул. Ніжне-Пакроўскай з боку р. Заходняй Дзвіны (канец ХІХ – пачатак ХХ стст.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 20 па вул. Ніжне-Пакроўскай – будынак жылога корпуса былога францысканскага кляштара. Помнік, узведзены ў 1778 г., з’яўляецца ўзорам архітэктурнага стылю барока, для якога ўласцівы складанасць форм, дынамічнасць вобразу, імкненне да велічнасці і пышнасці.

Існуючы сёння будынак прымыкаў да ўсходняй сцяны касцёла Св. Антонія (пабудаваны ў 1763–1775 гг.), што да нашых дзён не захаваўся.

Кляштар ордэна францысканцаў дзейнічаў у Полацку да 1833 г., пасля быў зачынены, касцёл і жылы корпус перададзены ў праваслаўнае веданне. У 1838 г. былы касцёл Св. Антонія быў пераасвячоны ў царкву ў імя Пакрова Прасвятой Багародзіцы (якая атрымала сярод гараджан назву Нова-Пакроўскай). Аднак праз год, у 1839 г., сцены цаглянага будынка былога касцёла пакрыліся шматлікімі трэшчынамі з-за значнай асадкі падмуркаў, Нова-Пакроўская царква разам з былым жылым корпусам кляштара была зачынена.

У 1860 г. будынкі былога францысканскага манастыра былі прададзены на разбор прыватнай асобе за 2 тыс. рублёў срэбрам. Аднак разабраны быў толькі былы касцёл, на месцы якога да канца XIX ст. быў узведзены двухпавярховы будынак, што прымыкаў да заходняй сцяны ацалелага жылога манастырскага корпуса. У гады Вялікай Айчыннай вайны двухпавярховы будынак XIX ст. быў страчаны, на яго месцы ў 1986–87 гг. зноў была ўзведзена двухпавярховая прыбудова. Карпусы былога францысканскага кляштара XVIII ст. здолелі выстаяць і дайшлі да нашага часу.

У сярэдзіне XIX ст. былы манастырскі корпус быў прыстасаваны пад адміністрацыйныя патрэбы, частка памяшканняў была адведзена пад жыллё.

У 1917 г. у будынку размяшчаўся Полацкі камітэт РСДРП. Пасля Вялікай Айчыннай вайны некаторы час у будынку месціўся гарадскі савет, абкам і гаркам партыі, пазней – службы Полацкага гарадскога аддзела міліцыі, а з 2012 г. – Полацкага раённага аддзела ўнутраных спраў.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 дом № 20 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №19 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №22 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>