Дом № 19 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 19 па вул. Ніжне-Пакроўскай узведзены ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. Сучасным даследчыкам вядома, што тэрыторыя размяшчэння існуючага дома ўжо ў ХІІ–ХІІІ стст. уваходзіла ў сістэму актыўнай забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай, аднак на сённяшні дзень на гэтым месцы археолагі здолелі выявіць рэшткі збудаванняў, датаваныя не раней XVII – першай паловы XVIII стст.

Картаграфічныя матэрыялы пачатку – сярэдзіны ХIХ ст. сведчаць, што на месцы размяшчэння сучаснага дома № 19 знаходзіліся драўляныя жылыя будынкі, што паслядоўна змянялі адзін аднаго. На пачатку ХХ ст. быў узведзены існуючы сёння аднапавярховы цагляны дом, у склад якога часткова ўвайшлі падмуркі збудаванняў XVIІ–XVIII стст. Маюцца звесткі, што будынак у дарэвалюцыйны час выкарыстоўваўся ў якасці яўрэйскай школы.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дом выкарыстоўваўся ў якасці жылля. Пасля вызвалення Полацка ў 1944 г. цудам ацалелы будынак перажыў значныя змяненні: былі зроблены прыбудовы, частка вокнаў заходняга і паўночнага фасадаў была закладзена ці прасечана ў іншых месцах, змянілася месца размяшчэння цэнтральнага ўваходу.

У савецкі час дом выкарыстоўваўся як жылы, а з пачатку 2000-х гг. функцыянуе як адміністрацыйны будынак ААТ «Аддзелачнік-28».

Дом № 19 з’яўляецца выдатным помнікам забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай канца ХІХ – пачатку ХХ стст.

 

<<  Дом №17 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №20 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>