Дом № 17 па вул. Ніжне-Пакроўскай

М.В. Ласковіч (Полацкі гарадскі галава з 1908 па 1915 г.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 17 па вул. Ніжне-Пакроўскай узведзены ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. У архітэктуры будынка, якая на сённяшні дзень часткова зменена познімі перабудовамі і рамонтамі, прасочваюцца рысы класіцызму. Для гэтага стылявога напрамку характэрны велічная прастата, строгасць, лаканізм форм, адсутнасць шматлікіх дэталяў.

Тэрыторыя сучаснага размяшчэння дома № 17 здаўна ўваходзіла ў сістэму забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай. З дакументальных крыніц вядома, што ў 60-я гг. ХІХ ст. гэты ўчастак належаў полацкаму мешчаніну Іцыку Нісангаўзену, на ім размяшчаліся два буйныя драўляныя жылыя дамы з гаспадарчымі пабудовамі. Цікава, што пры ўзвядзенні існуючага двухпавярховага каменнага дома ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. было запланавана яго далучэнне да комплексу будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума шляхам будаўніцтва сістэмы падземных тунэляў, рэшткі якіх захаваліся да цяперашняга часу.

Самым знакамітым уладальнікам дома № 17 быў выкладчык Полацкай настаўніцкай семінарыі і апошні гарадскі галава – стацкі саветнік Мікалай Восіпавіч Ласковіч. Гарадскі галава ўзначальваў органы мясцовага самакіравання, яму былі падначалены гарадскія дума і ўправа. М.В. Ласковіч займаў гэтую пасаду з 1908 па 1915 г.

У савецкі час асабняк перажыў значныя перабудовы: былі ліквідаваны каланады на паўднёвым і заходнім фасадах, зменены ўваход у будынак, над якім раней размяшчаўся крыты балкон. Двухпавярховы дом выкарыстоўваўся ў якасці жылля, некаторы час выконваў адміністрацыйныя функцыі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў будынку пэўны час месціўся гаркам партыі, пазней – медыцынскі архіў, у 1990-х гг. – раённая бібліятэка.

Сёння ў будынку № 17 па вул. Ніжне-Пакроўскай дзейнічае адміністрацыя ААТ «Аддзелачнік-28».

Дом № 17 з’яўляецца выдатным помнікам забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай канца ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

<<  Дом №14 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №19 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>