Дом № 14 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 14 па вул. Ніжне-Пакроўскай быў пабудаваны на пачатку ХХ ст. святаром Свята-Мікалаеўскага сабора (былы сабор Святога Стэфана) Фамой (Хамой) Антаневічам як жылы.

Першапачатковы выгляд будынка адрозніваўся ад сучаснага, ён меў цагляны скляпеністы цокальны паверх, які сёння амаль нябачны па прычыне значнага (да 0,5 м) павышэння ўзроўню вуліцы. У доме было 4–5 пакояў і сенцы, уваход размяшчаўся з усходняга боку. На абшаляваных дошкамі фасадах меліся складаныя разныя паяскі, што рабіла будынак адным з самых прыгожых у драўлянай забудове Ніжне-Пакроўскай вуліцы пачатку ХХ ст.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі дом не змяніў свайго прызначэння, ён выкарыстоўваўся ў якасці жылля. Па заканчэнні Вялікай Айчыннай вайны будынак быў часткова перабудаваны, падзелены на дзве жылыя кватэры з асобнымі ўваходамі і некалькі пакояў, ў такім выглядзе ён праіснаваў практычна ўвесь савецкі перыяд. Сёння дом з’яўляецца прыватнай уласнасцю.

Дом № 14 – выдатны ўзор драўлянай аднапавярховай жылой забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай пачатку ХХ ст.

 

<<  Дом №12 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №17 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>