Дом № 12 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Мікалай Фаміч Акаловіч (1863–1934 гг.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 12 па вул. Ніжне-Пакроўскай пабудаваны на пачатку ХХ ст. (1904 г.). Тэрыторыя, на якой сёння знаходзіцца будынак, была шчыльна заселена ўжо ў ХІІ–ХІІІ стст., але да сённяшняга дня на гэтым месцы захаваліся рэшткі драўлянага дома з глінянай падлогай і кафлянай печчу, датаваныя не раней сярэдзіны XVII ст. Архітэктурна-археалагічныя даследаванні выявілі, што згаданы дом XVII ст. загінуў у моцным пажары.

У сярэдзіне ХІХ ст. тэрыторыя сучаснага дома № 12 была падзелена на два ўчасткі, адзін з іх належаў полацкаму памешчыку Казіміру Восіпаву Куляшу (не меў забудовы), а другі – дваранцы Соф’і Якаўлевай Багамолец (быў заняты двума драўлянымі жылымі дамамі і гаспадарчымі пабудовамі). Менавіта адзін з дамоў Соф’і Багамолец быў папярэднікам існуючага будынка 1904 г.

На пачатку ХХ ст. дом меў высокі цагляны цокальны паверх, які сёння нябачны па прычыне значнага (да 0,5 м) павышэння ўзроўню вуліцы. Першапачатковы ўваход у будынак размяшчаўся з заходняга боку, да яго вёў шырокі брукаваны ўезд. Дом меў шмат пакояў і быў разлічаны на вялікую сям’ю, хутчэй за ўсё, святарскую. Не выключана, што ў першым дзесяцігоддзі ХХ ст. тут некаторы час жыў Мікалай Фаміч Акаловіч (1863–1934 гг.) – праваслаўны святар, свяшчэннамучанік (рашэннем Святога Сінода Беларускага Экзархата ў 2007 г. прылічаны да святых), выкладчык Закона Божага ў Полацкім кадэцкім корпусе.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі дом быў муніцыпалізаваны і выкарыстоўваўся ў якасці жылля. Па заканчэнні Вялікай Айчыннай вайны ён быў значна перабудаваны, падзелены на тры жылыя кватэры з асобнымі ўваходамі і ў такім выглядзе праіснаваў практычна ўвесь савецкі перыяд. Сёння будынак адрамантаваны, з’яўляецца прыватнай уласнасцю.

Дом № 12 – выдатны помнік драўлянай аднапавярховай жылой забудовы вул. Ніжне-Пакроўскай пачатку ХХ ст.

 

<<  Дом №11 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №14 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>