Дом № 11 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Панарама забудовы правага берага Зах. Дзвіны. (паштоўка канца XIX – пачатку XX стст.)

 

Забудова вул. Ніжне-Пакроўскай, від з Верхняга замку (паштоўка канца XIX – пачатку XX стст.)

 

Будынак былой лютеранскай кірхі (фота 1980-х гг.)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Лютэранская кірха (дом № 11 па вул. Ніжне-Пакроўскай) пабудавана ў 1888 г. Гэты незвычайна прыгожы будынак з чырвонай цэглы – выдатны помнік стылю неаготыкі канца ХІХ – пачатку ХХ ст., якому ўласціва шырокае выкарыстанне элементаў сярэднявечнай гатычнай архітэктуры (стральчатыя вокны і аркі, багата дэкараваныя выцягнутыя франтоны, вежкі, шпілі, вітражы і інш.).

З’яўленне мураванага лютэранскага храма ў Полацку ў канцы ХІХ ст. не было выпадковым. У гэты перыяд колькасць вернікаў, што ўваходзілі ў евангелісцка-лютэранскую абшчыну ў горадзе і павеце, складала 850 чалавек. Лютэранам у Полацку востра не хапала памяшкання для правядзення набажэнстваў, стары драўляны малельны дом (існаваў з канца 40-х гг. ХІХ ст.) ужо не адпавядаў патрэбам часу. Вынікам звароту Дэпартамента спраў замежнага веравызнання да Віцебскага губернатара стала будаўніцтва каменнай кірхі на вул. Ніжне-Пакроўскай, якая была ўрачыста адчынена і асвячона ў імя Святой Дзевы Марыі 18 снежня 1888 г. Гістарычныя дакументы захавалі імя полацкага лютэранскага святара пачатку ХХ ст. – Фелікса Максімавіча (Максіміліянавіча) Берчы, дом якога, дарэчы, знаходзіўся таксама на вул. Ніжне-Пакроўскай насупраць кірхі.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1924 г. лютэранскі храм быў зачынены, у 1937 г. у яго будынку размясціўся гарадскі Краязнаўчы музей, з 1938 г. – раённы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны музей быў разрабаваны, а ў кірсе, па некаторых звестках, былі адноўлены набажэнствы. У пасляваенны час у будынку працаваў гарадскі кінатэатр (1947–1948 гг.), потым яго выкарыстоўвалі ў якасці зернясховішча, і толькі ў 1950 г. пасля капітальнага рамонту ў кірсе зноў размясцілася экспазіцыя Краязнаўчага музея, які дзейнічае тут да сённяшняга дня. Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 г. № 578 будынак былой лютэранскай кірхі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №9 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №12 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>