Дом № 9 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Ніжне-Пакроўская вуліца (паштоўка канца XIX – пачатку XX ст.) (на пярэднім плане справа – сучасны дом № 9 па вул. Ніжне-Пакроўскай)

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 9 па вул. Ніжне-Пакроўскай быў пабудаваны ў канцы XIX ст., ён з’яўляецца выдатным узорам архітэктуры класіцызму. Тыповыя рысы класічнага стылю (велічная прастата, строгасць, лаканізм, адсутнасць шматлікіх дэталяў) знайшлі яскравае ўвасабленне ў архітэктуры гэтага помніка.

Вядома, што ўчастак на вул. Ніжне-Пакроўскай, на тэрыторыі якога быў узведзены існуючы каменны будынак, у 1854–1860 гг. належаў удаве губернскага сакратара Кацярыне Фёдаравай Хмалоўскай. Памеры гістарычнага ўчастка былі значна большымі ў параўнанні з сучаснай тэрыторыяй дома № 9, у сярэдзіне XIX ст. на ім размяшчалася сядзіба з двума невялікімі драўлянымі дамамі і шматлікімі гаспадарчымі пабудовамі.

У канцы XIX ст. быў узведзены двухпавярховы адміністрацыйны будынак, які дайшоў да нашага часу. Тут спачатку размяшчаўся гарадскі банк, а на пачатку ХХ ст. – Полацкае павятовае аддзяленне Віцебскай казённай палаты (казначэйства), пры якім мелася ашчадная каса. У падвальных памяшканнях будынка знаходзіліся сейфы, дзе захоўваліся каштоўныя металы (золата, срэбра) і грошы. Вядома, што на прыканцы XIX ст. у штаце полацкага банка працаваў дырэктар Смірноў і два яго памагатыя – Шпакаў і Коц, а таксама карэспандэнты, адвакат і некалькі вартаўнікоў. У 1910 г. пасаду гарадскога скарбніка (казначэя) займаў калежскі асэсар Н.Д. Любімаў.

Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі ў 20-я гг. ХХ ст. у будынку дзейнічаў фінансавы аддзел Полацкага павятовага выканкама, пазней – Полацкага райвыканкама.

У савецкі перыяд, амаль да канца 1970-х гг., будынак выконваў адміністрацыйныя функцыі, а на пачатку 1980-х гг. у памяшканнях дома № 9 па вул. Ніжне-Пакроўскай размясціўся швейны цэх камбіната бытавога абслугоўвання. У 1990-я гг. будынак выкарыстоўваўся ў якасці вытворчых цэхаў фінансава-прамысловай кампаніі «ІНВІС». На сённяшні дзень аб’ект з’яўляецца прыватнай уласнасцю.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578 дом № 9 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

<<  Дом №6 па вул. Ніжне-Пакроўскай    

     Дом №11 па вул. Ніжне-Пакроўскай  >>