Дом № 6 па вул. Ніжне-Пакроўскай

Ніжне-Пакроўская вуліца (паштоўка канца XIX – пачатаку XX ст.) (на пярэднім плане злева – драўляны будынак, які знаходзіўся побач з домам № 6 (адпавядае сучаснаму дому № 4 па вул. Ніжне-Пакроўскай)

 

Панарама забудовы правага берага Зах. Дзвіны. (паштоўка канца XIX – пачатаку XX ст.

 

Вуліца Ніжне-Пакроўская – адна са старажытнейшых полацкіх вуліц. Гістарычныя крыніцы пацвярджаюць яе існаванне ўжо ў другой палове ХІ – пачатку ХІІ ст. З ХІІІ ст. вуліца была шчыльна заселена, выконвала функцыю адной з галоўных у горадзе, праз яе праходзілі ўзвозы з Дзвіны да гарадскіх рынкаў, на ёй размяшчаліся цэрквы, касцёлы, сінагогі, кляштары і манастыры, жылі найбольш заможныя і ўплывовыя гараджане.

Першая вядомая нам назва гэтай вуліцы – Вялікая. У апошняй чвэрці XVIII ст. (у сувязі з пабудовай Свята-Пакроўскай царквы) яна была перайменавана ў вул. Ніжне-Пакроўскую, у 1919 г. – у вул. Леніна, а ў 2008 г. вуліцы зноў была вернута назва Ніжне-Пакроўская. Свой існуючы напрамак яна набыла ў адпаведнасці з распрацаваным і зацверджаным у канцы XVIII ст. класіцыстычным планам г. Полацка, які надаў планіроўцы гістарычнага цэнтра горада рысы рэгулярнасці.

Дом № 6 па вул. Ніжне-Пакроўскай пабудаваны ў апошняй чвэрці XIХ ст. Гэты помнік – яскравы прадстаўнік архітэктурнай эклектыкі канца XIХ – пачатку ХХ ст., для якой характэрна сумяшчэнне цэлага шэрагу архітэктурных стыляў розных эпох.

Дакументальна пацверджана, што ў сярэдзіне XIХ ст. участак сучаснага дома № 6 па вул. Ніжне-Пакроўскай належаў калежскаму асэсару Генрыху Марцэлевічу Лапіцкаму, які набыў яго ў 1814 г. у дваранкі Праскоўі Зубковай. Гістарычны ўчастак быў значна большым за існуючы, на ім знаходзіўся вялікі драўляны дом і шматлікія гаспадарчыя пабудовы.

Існуючы каменны двухпавярховы дом быў узведзены не раней за апошнюю чвэрць XIХ ст. Можна звязаць будаўніцтва яго каменнай часткі з узвядзеннем у канцы XIХ ст. на супрацьлеглым баку вуліцы Лютэранскай кірхі.

Вядома, што на мяжы XIХ і XХ стст. дом належаў евангелісцка-лютэранскаму прыходу – у ім жыў святар кірхі. У савецкі час будынак быў прыстасаваны пад адміністрацыйныя функцыі.

У 1970-х гг. у ім размяшчалася домаўпраўленне, у 1990-х гг. будынак належаў фінансава-прамысловай кампаніі «ІНВІС» і таксама з’яўляўся адміністрацыйным. З 2007 г. дом № 6 па вул. Ніжне-Пакроўскай з’яўляецца прыватнай уласнасцю, будынак прыстасаваны пад гандлёвы аб’ект, часткова з захаваннем адміністрацыйных функцый.

Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14.05.2007 № 578 дом № 6 па вул. Ніжне-Пакроўскай уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Дом №9 па вул. Ніжне-Пакроўскай >>