V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць»

21–22 лістапада ў канферэнц-зале НПГКМЗ прайшла V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць», прымеркаваная да 390-годдзя з дня нараджэння асветніка. Такія канферэнцыі наладжваюцца ў Полацку кожныя пяць год. Гэты год не стаў выключэннем. Удзельнікамі канферэнцыі на гэты раз сталі беларускія, рускія і латвійскія вучоныя.

Даследчыкі падзяліліся сваімі напрацоўкамі, прысвечанымі пытанням жыцця і творчасці Сімяона Полацкага, сувязі яго з сусветнай культурнай спадчынай, уплыву, які аказаў славуты палачанін на ўсходнеславянскую літаратуру. Прагучалі даклады акадэміка Расійскай акадэміі навук Лолы Званаровай (Масква) «Еўрапейскія аўтарытэты, названыя і цытуемыя, у ранняй паэзіі Сімяона Полацкага», супрацоўніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі Алега Дзярновіча «Слоўнік палона-славенскі» Сімяона Полацкага і фармаванне славістычнай калекцыі Упсальскага ўніверсітэту», выкладчыка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Таццяны Сандалавай «Коды ў паэтычных эксперыментах Сімяона Полацкага». Сябра Латвійскага таварыства рускай культуры (Рыга) Анатоль Ціханавіч Ракіцянскі выступіў з паведамленнем «Сімяон Полацкі і кніжнасць XVII стагоддзя».

Прадстаўлены на канферэнцыі былі і даклады, прысвечаныя даследаванням XX–XXI стст., якія праліваюць святло на асобу і творчасць Сімяона Полацкага. Так, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Уладзімір Георгіевіч Кароткі агучыў інфармацыю пра неапублікаваную працу Міколы Прашковіча – першага беларускага даследчыка творчасці полацкага асветніка. Цікавыя выступленні прагучалі і ад магістрантаў гэтага ж універсітэта Ганны Лявоненкі і Марыі Комлік.

Частка дакладаў была прысвечана Полацку XVII cт. Сярод іх выступленні дацэнта кафедры грамадскіх навук ГрДУ Віталя Галубовіча «Архіепіскап і мяшчане: Антоні Сялява vs палачане», дацэнта кафедры ўсеагульнай гісторыі БДПУ імя М. Танка, Іны Калечыц «Графіці полацкага Спаса-Праабражэнскага храма ў «перыяд пераасвяшчэння» (1656–1667 гг.)», выкладчыка ПДУ Віктара Чараўко «Асаблівасці пахавальнай практыкі насельніцтва Полацка ў XVII ст.» і супрацоўніка Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Наталлі Трыфанавай «Полацк у руска-беларускіх сувязях другой паловы XVII cт.».

Пра археалагічныя даследаванні Полацка азначанага перыяду распавялі кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік НПГКМЗ Ігар Магалінскі і выкладчык ПДУ Аляксей Коц.

Таксама падчас канферэнцыі разглядаліся пытанні, што датычацца кнігі, з якой непасрэдна і звязаў свой лёс полацкі асветнік.

Усе ўдзельнікі адзначылі высокі ўзровень арганізацыі канферэнцыі і цёплую атмасферу гасціннасці, што панавала на працягу ўсяго мерапрыемства.