
У Мастацкай галерэі ў рамках арт-праекта «Дорожка в художку» адкрыліся адразу дзве выставы. Падзея прысвечана 40-годдзю Полацкай дзіцячай мастацкай школы. Выстава работ выкладчыкаў мастацкай школы і выстава жывапісу Алега Елізарава «Полацк у белым». У экспазіцыі прадстаўлены работы настаўнікаў школы розных гадоў. Усіх іх аб'ядноўвае высокі прафесіяналізм.
Мастацкая школа была адкрыта ў Полацку ў 1985 годзе. Усе гэтыя гады не перарывалася сувязь Мастацкай галерэі і школы. Сумесныя выставы навучэнцаў і выкладчыкаў праводзіліся пастаянна. Паспяховае супрацоўніцтва працягваецца. І сёння галерэя знаёміць свайго гледача з творчасцю педагагічнага калектыву Полацкай дзіцячай мастацкай школы.
Выстава жывапісу Алега Елізарава «Полацк у белым» прадстаўляе Полацкі перыяд творчасці мастака. Алег Елізараў працаваў настаўнікам жывапісу і кампазіцыі ў Полацкай дзіцячай мастацкай школе з 1995-га па 2000-ны гады. Гарадскія пейзажы, вуліцы, дамы, дрэвы сталі крыніцай натхнення для мастака і ў пэўным сэнсе арт-аб'ектамі на яго палотнах. Працуючы ў манахромнай гаме, Алег Елізараў стварыў уласную непаўторную манеру жывапісу. Лаканічныя па змесце работы пабудаваны на каляровых нюансах: Полацк паўстае перад гледачом асаблівым горадам з непаўторнай рамантычнай аўрай.
Выставы будуць працаваць да 10 лістапада 2025 года. Чакаем вас у Мастацкай галерэі.