
З 26 ліпеня ў Мастацкай галерэі працуе выстава графікі Уладзіміра Бузікава «Фрагменты».
Уладзімір Бузікаў — беларускі мастак-графік, які праз вобразы, з дапамогай штрыха і лініі раскрывае багацце мастацтва графікі.
У працах мастака кожны глядач можа паглыбіцца ў свет сімвалаў, арнаментаў, міфалогіі і фантазій майстра.
У шматлікіх графічных лістах мастак выкарыстоўывае незвычайны вобраз — качку. Чароўны і мудрагелісты, ён мае шмат сімволікі, якую многія людзі звычайна не заўважаюць. Качкі з'яўляюцца сімвалам падарожжа з аднаго месца ў другое, як фізічна, так і духоўна. Так і падарожнічаюць яны з працы ў працу ў творчасці Уладзіміра Бузікава, увасабляючы сабой чысціню, каханне і вернасць.
На выставе прадстаўлены графічныя лісты з серый «Паходжанне відаў», «Райскі сад», «Кветкі і плады», «З добрай раніцай», «З любоўю да горада», «Тэхнафалькарнамент» і інш.
Работы ў графічных серыях звязаны паміж сабой тэмамі і выявамі. Экспазіцыя выстаўкі пабудавана так, што гледачы, вывучаючы творы мастака, могуць аб'яднаць работы кожнай з серый самастойна, асэнсаваць і адчуць сімволіку кожнай работы Уладзіміра Бузікава.
Паспрабуйце і вы сабраць гэты незвычайны «пазл».
Выстава працягнецца да 27 жніўня.