
21 чэрвеня ў Мастацкай галерэі пачала працаваць персанальная выстава «Трансфармацыя» яркай і неардынарнай мастачкі Валянціны Ляховіч.
На працягу жыцця Валянціна Антонаўна адкрыла шмат сваіх выстаў. Некалькі з іх праходзілі і ў полацкай Мастацкай галерэі. Гэтым разам на адкрыцці мастачка падзялілася гісторыяй пошуку свайго творчага напрамку, калі новыя знаходкі мянялі былыя творчыя ўяўленні, звярнула ўвагу на важныя для кожнага мастака дэталі творчага працэсу, якія ёй давялося адкрыць самастойна. Творца пазнаёміла гледачоў з ідэяй звароту да «смеццявай культуры», распавяла пра загадку стварэння сваіх скульптур, у якіх падкрэсліла важнасць выкарыстоўвання менавіта прадметаў з гісторыяй. А таксама выказалася аб важнасці закладзенай у кожную работу таямніцы. З яе слоў у кожнай кампазіцыі неабходна вынайсці таямніцу, якую немагчыма апісаць, але можна адчуць.
Яркія, насычаныя колерам работы мастачкі сапраўды прыцягваюць увагу таямніцай і жывой энергіяй. Апошняй яна надае асаблівую важнасць. З гэтага і ўзнікаюць пытанні, якімі Валянціна Антонаўна задаецца напрацягу свайго творчага шляху: «А што такое энергія? Работа без энергіі гэта нішто, гэта пусты выкінуты аркуш, нават калі там усё будзе цудоўна. Энергія – гэта галоўная фігура ў мастацтве».
Паспейце наведаць выставу Валянціны Ляховіч «Трансфармацыя», якая працягнецца да 24 ліпеня 2024 года.