Новая праца на выставе адной карціны «Ніколі не забудзем»

Выставу адной карціны «Ніколі не забудзем» працягвае палатно Юрыя Альбіцкага «Партызаны», створанае мастаком у 1960—1969 гадах.

Юрый Паўлавіч Альбіцкі — беларускі мастак кіно, жывапісец, які нарадзіўся 24 жніўня 1931 года ў горадзе Ягор'еўск Маскоўскай вобласці. Скончыў Разанскую мастацкую вучэльню (1953), Усесаюзны інстытут кінематаграфіі ў Маскве (1959). З 1959 года і да канца жыцця (1996) працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм» мастаком-пастаноўшчыкам. З найбольш вядомых прац мастака-пастаноўшчыка: «Веснавыя навальніцы», «Наперадзе — круты паварот», «Дзень, калі спаўняецца 30 гадоў», «Корцік», «Бронзавая птушка», «Воўчая зграя», «Вазьму твой боль», «Іван», «Мы з Вулканам» і інш.

Адначасова займаўся станковым жывапісам і графікай. Удзельнічаў у шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных, і міжнародных выставах з 1959 года. Сябра Саюза кінематаграфістаў Беларусі (1963) і Беларускага саюза мастакоў (1965). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1990). Сёння яго творы захоўваюцца ў фондах БСМ, Музеі гісторыі беларускага кіно і іншых.

Палатно «Партызаны» адлюстроўвае падзеі Вялікай Айчыннай вайны, калі людзі розных пакаленняў станавіліся на абарону сваёй Радзімы, уступалі ў партызанскія атрады. Партызанскі рух на Беларусі — гэта ўнікальная і гераічная з’ява ў гісторыі Вялікай Айчынай вайны, увасабленне народнага супраціўлення і адзінства.

У сваім палатне Юрый Альбіцкі на фоне суровага зімовага пейзажу шырокімі лаканічнымі мазкамі прапісвае фігуры мужчын са зброяй у руках. Вобразы партызан, сярод якіх аўтар змяшчае постаць хлопчыка, абагульненыя, мы бачым прамыя лініі сілуэтаў і дакладныя контуры, што надае ім асаблівую выразнасць. Праца напісана ў так званым «суровым стылі», які сфарміраваўся ў мастацтве напрыканцы 1960-х гадоў. Адметныя рысы суровага стылю — прыглушаныя пахмурныя фарбы і плоскасны малюнак — таксама прысутнічаюць у творы мастака. Агульны шэры каларыт работы разбаўляецца цёплымі чырванаватымі адценнямі ў дэталях на вопратцы, у водсвеце падпальваемай цыгарэты, а таксама полымем на гарызонце. Будні гэтых герояў напоўнены цяжарам, аднак у перадачы вобразаў адчуваецца прыкметная ўпэўненасць і энергія.

419