Выстава жывапісу «АДЛІГА»

12 студзеня ў 16.00 у Мастацкай галерэі пройдзе ўрачыстае адкрыццё выставы жывапісу 80 — 90-х гадоў ХХ стагоддзя «АДЛІГА».

На выставе жывапісу 80 — 90-х гадоў ХХ ст. з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прадстаўлена 38 палотнаў 22 аўтараў.

Гэты перыяд гісторыі пазначаны заўважнымі зменамі ў грамадскім жыцці краіны, якія пачаліся ў 1985 г., калі новым генеральным сакратаром ЦК КПСС стаў М. С. Гарбачоў.

Асноўныя рэфарматарскія ідэі на той час сыходзілі ад кіраўніцтва кампартыі. Была аб’яўлена так званая «перабудова» — курс на паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё і дэмакратызацыю палітычнага жыцця, рэфармаванне савецкай сістэмы.

Адным з рэальных дасягненняў «перабудовы» стала абвешчаная кіраўніцтвам СССР палітыка галоснасці, права на свабоду слова, магчымасць гаварыць праўду пра сваю гісторыю і сучаснасць.

Працэсы, якія адбываліся ў грамадскім жыцці, не маглі не ўздзейнічаць на культурнае жыццё і, разам з тым, на выяўленчае мастацтва Беларусі.

Мастакі 1980-х выявілі шырокі інтарэс да спадчыны мастацтва 1920-х гадоў, часта звярталіся да канцэптуальнага падмурку рускага авангарду. На змену сацыялістычнаму рэалізму прыходзяць іншыя стылі і кірункі мастацтва. Пашыраецца цікавасць да канцэптуальнага мастацтва, прэзентацыя якога адбылася ў 1984 г. у Мінску на выставе «1+1+1+1+1+1+1».

Мастакі 1980-х гадоў засяроджваюцца на праблемах унутранага свету асобы, а не на сацыяльных пытаннях. Жывапіс гэтага часу адрозніваецца буянствам колераў і тэхнічнымі эксперыментамі з мастацкімі матэрыяламі. Так званая «адліга» пачынаецца ў грамадскім жыцці і ў мастацтве. Стыль сацыялістычнага рэалізму, які панаваў у выяўленчым мастацтве СССР, змяняецца самымі рознымі стылямі і кірункамі. Мастацкае жыццё пачатку 1990-х адрознівае ад папярэдніх дзесяцігоддзяў шматпланавасць, канцэптуалізм і неардынарнасць выяўленчых сродкаў.

У другой палове 1990-х пачынаецца росквіт галерэйнага руху ў Беларусі, з’яўляецца шмат незалежных, некамерцыйных галерэй, якія прэзентуюць сучаснае мастацтва.

Асноўнай ідэяй развіцця выяўленчага мастацтва Беларусі 1990-х гадоў стаў сінтэз розных кірункаў. Дэмакратызацыя культурнага жыцця канца 1980—1990-х зрабіла магчымым адкрыты дыялог мастака з гледачом.

Нефармальныя аб’яднанні, якіх узнікала шмат на той час, — «Няміга, 17», «Квадрат», «Форма» і іншыя — дапамагалі ў арганізацыі выстаў сучаснага мастацтва.

Прасякнутыя асэнсаваным унутраным светам жыцця свайго часу, творы мастакоў 1980–1990-х гадоў пазбаўлены апавядальнасці, яны захапляюць сваімі метафарамі, алегорыямі і сімваламі.

113