Запрашаем на канцэрты XXVIII Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі»

З 22 кастрычніка па 19 лістапада ў канцэртнай зале Сафійскага сабора пройдзе XXVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі». Фестывальная праграма, як заўжды, абяцае аматарам класічнай музыкі шмат новых адкрыццяў: прэм'еры твораў, новыя імёны кампазітараў, яркія творчыя ансамблі.

Для музыканта вялікі гонар і радасць адзначаць свой юбілей сярод сяброў, калег і ўдзячных слухачоў. На сёлетнім фестывалі будуць адзначаны такія значныя для Сафійскага сабора юбілейныя даты, як 35 гадоў творчай дзейнасці заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай і 15 гадоў з дня заснавання камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава. Вялікім канцэртам яны адкрываюць XXVIII Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» 22 кастрычніка.

Расійская арганістка Кацярына Мельнікава прадставіць сольную праграму «Музычныя калекцыі». Удзельнік найбуйнейшых арганных фестываляў па ўсім свеце, майстар імправізацыі, кампазітар, аўтар транскрыпцый і перакладанняў для аргана прадэманструе сваё ўяўленне аб сучаснай арганнай музыцы 29 кастрычніка.

Юбілейны канцэрт да 35-годдзя творчай дзейнасці ў Сафійскім саборы падрыхтавала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая. Яна заслужыла прызнанне і любоў не толькі жыхароў нашага горада, але і аматараў музыкі далёка за яго межамі дзякуючы велізарнаму таленту, майстэрству выканання, пачуццю стылю і прыгажосці. Менавіта ёй належыць ідэя правядзення першага ў Беларусі Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі», які стаў візітнай карткай горада Полацка, а Сафійскі сабор ― цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва. 5 лістапада Ксенія Пагарэлая падорыць сваім прыхільнікам шэдэўры сусветнай арганнай музыкі.

«Вечная прыгажосць» ― праграма з такой назвай прагучыць у выкананні ансамбля салістаў архікафедральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Панны Марыі горада Мінска і арганіста Уладзіміра Неўдаха. Калектыў з'яўляецца пастаянным удзельнікам урачыстых святочных набажэнстваў у сталіцы, а 12 лістапада ўпершыню ў Сафійскім саборы выканае духоўную музыку кампазітараў XIX—XX стст.

Завершыцца свята музыкі выступленнем міжнароднага арганна-вакальнага дуэта ― Кацярыны Івановай (Беларусь) і Таццяны Сучковай-Гаўрыілавай (Расія). 19 лістапада ў праграме канцэрта прагучыць музыка розных эпох і стыляў (І. С.Бах, М. Рэгер, Л. В'ерн, З. Карг-Элерт, Н. Рота, Д. Бедар).

Квіткі на канцэрты фестывалю прадаюцца ў касах Сафійскага сабора, Музея беларускага кнігадрукавання і Прыродна-экалагічнага музея. Аматары музыкі з іншых гарадоў могуць набыць квіток анлайн на сайце polotsk.online.
Інфармацыя па тэлефонах: +375(214)46-53-34, 46-17-51 (каса).

236