21 сакавіка ў Сафійскім саборы адбудзецца першы канцэрт фестывалю

21 сакавіка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора адбудзецца ўрачыстае адкрыццё V абласнога дзіцячага фартэпіяннага конкурсу «І. С. Бах і ХХІ стагоддзе» і першы канцэрт XXXV Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі.

Вядомы фартэпіянны дуэт Беларускай дзяржаўнай філармоніі Наталля Котава-Громава і Валерый Баравікоў пазнаёміць слухачоў з канцэртнай праграмай пад назвай «Нам – 25».

Фартэпіянны дуэт Беларускай дзяржаўнай філармоніі Наталля Котава-Громава і Валерый Баравікоў выступае з 1998 года і з’яўляецца ўдзельнікам многіх міжнародных музычных фестываляў, такіх як Усерасійскі музычны фестываль імя М.І. Глінкі (Расія), «Магія раяля» (Беларусь), ХХ Міжнародны фестываль зорак піянізму (Латвія), VIII Міжнародны фестываль сучаснай музыкі Ю. Башмета (Беларусь), а таксама прымаў удзел у міжнародных фестывалях фартэпіянных дуэтаў (Смаленск, Кішынёў, Шаўляй і інш.). Піяністы з’яўляюцца членамі журы дуэтных конкурсаў.

Канцэртны рэпертуар ансамбля разнастайны і ўвесь час папаўняецца новымі арыгінальнымі творамі. Аўтарскія аранжыроўкі Валерыя Баравікова даўно сталі візітнай карткай дуэта. Яны гучалі на лепшых канцэртных пляцоўках Беларусі, Францыі, ЗША, Канады, Германіі, Кітая, краін СНД, былі ўключаныя ў праграмы конкурсаў фартэпіянных дуэтаў. Упершыню ў Беларусі ў выкананні Наталлі Котавай-Громавай і Валерыя Баравікова прагучалі канцэрты для фартэпіяна ў чатыры рукі А. Шнітке, К.Чэрні, А. Вівальдзі.

Дуэт Н. Котава-Громава і В. Баравікоў — ініцыятар і арганізатар правядзення Міжнародных музычных вечароў фартэпіянных дуэтаў «Duettissimo», якія праходзяць у Беларусі пры ўдзеле фартэпіянных дуэтаў розных краін. Музыкі з’яўляюцца таксама аўтарамі праетка «Clavier-квартет» — квартэта піяністаў, якія выконваюць музыку для аднаго і двух фартэпіяна ў 6 і 8 рук, у склад якога разам з імі ўваходзяць піяністы М. Русакова і С. Мікулік.

Фартэпіянны дуэт супрацоўнічае з вядучымі калектывамі Рэспублікі Беларусь і вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. Мае запісы на Беларускім радыё і тэлебачанні.

У праграме:
Эдвард Грыг (1843—1907)
Сюіта «З часоў Хольберга»

  1. Preludium
  2. Sarabande
  3. Gavotte
  4. Air
  5. Rigaudon

Іаганес Брамс (1833—1897)
Poco allegretto з Сімфоніі № 3 (транскрыпцыя для 2-х фартэпіяна В. Баравікова)

Сяргей Рахманінаў (1873—1943)
Сюіта № 1 для 2-х фартэпіяна, op. 5

  1. Баркарола
  2. І ноч, і каханне
  3. Слёзы
  4. Светлае свята
427