«Там спрадвеку гучыць мая мова…»

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы – свята, усталяванае дзеля захавання моўнай разнастайнасці свету. Сапраўдным прыхільнікам гэтай ідэі быў славуты класік беларускай літаратуры Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Па згадках сябра пісьменніка, літаратуразнаўцы Адама Мальдзіса, “у стаўленні да мовы Караткевіч быў сапраўдным інтэрнацыяналістам. Ён часта, ахвотна і без акцэнту гаварыў па-руску. Ён дасканала ведаў украінскую мову, якую выкладаў на Кіеўшчыне. Многія радкі яго “Каласоў…” напісаны па-французску. У Польшчы ён спрабаваў гаварыць па-польску, у Славакіі – па-славацку. У Вільнюсе на ляту лавіў літоўскія словы і спяваў літоўскія песні. Увогуле лічыў, што чым больш моў чалавек ведае, тым ён багацейшы, што няма моў добрых і дрэнных… Але найперш кожны павінен ведаць, любіць, бараніць родную мову”.

Найлепш выказаў сваё стаўленне да роднай мовы сам пісьменнік у вершы “Беларуская песня”. Адказваючы на пытанне “Дзе мой край?”, ён пісаў:

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

Узгадвае ў гэтым вершы Караткевіч сярод іншага і Сафійскі сабор:

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Уладзімір Сямёнавіч бываў у Полацку неаднаразова. Пра адзін з такіх візітаў ён распавядаў у нарысе “Зямля пад белымі крыламі”. Сакавік 1971 года, у Сафійскім саборы ідуць рэстаўрацыйныя работы:

“...І вось сядзяць у прыдзеле сабора, дзе паліцца «буржуйка», два чалавекі ў ватоўках, ды я з прыяцелем. Адзін з тых, каго засталі, брыгадзір. Здорава «паднацягаўся» ў археалагічных і будаўнічых тэрмінах, аперыруе імі вольна і з шыкам. І расчышчаем мы старую плінфу, тонкую, сантыметры ў чатыры, цагліну памерам прыблізна 35x25 см. І на ёй раптам выступаюць невядомыя значкі, адзін у выглядзе нейкай жывёлы (сабакі?), рысачкі (можа, азначаюць колькасць соцень гэтай самай цэглы?) і выразны надпіс, нібы голас, што яўна і ясна даляцеў з далёкіх вякоў А αβφθ N √ Я — авфони. І нават ясна, што быў не дужа пісьменны, хацеў сваё імя пісаць праз «ферт» (Ф), а тут ці сам успомніў, ці яму сказалі, што імя грэчаскага паходжання і пісаць трэба яго цераз «фіту» (θ). То ён і «ферта» не дапісаў. І даляцеў яго жывы голас да мяне, звычайнага чалавека, і я зразумеў яго на хвіліну, хаця дзевяць стагоддзяў прагрукатала па ягоных, даўно спарахнелых касцях”.

Плінфу, пра якую ідзе гаворка, можна сёння ўбачыць у экспазіцыі Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора.

481