40 гадоў канцэртнай зале Сафійскага сабора

40 гадоў таму ў Полацку адбылася падзея, якая да сёняшняга дня застаецца адной з самых значных у гісторыі музычнай культуры не толькі нашага горада, але і ўсёй сучаснай Беларусі.
19 лютага 1983 года ў Сафійскім саборы была адкрыта канцэртная зала. За гэтыя гады яна набыла славу адной з лепшых канцэртных залаў у Еўропе і стала часткай сусветнай музычнай прасторы. Сусветна вядомыя музыканты лічаць за гонар выступаць на знакамітай полацкай сцэне, нязменна захапляючыся прыгажосцю, веліччу і ўнікальнай акустыкай старажытнага храма Беларусі.

Тут выступалі самыя знакамітыя і яркія выканаўцы і калектывы з больш чым 25 краін свету, сярод якіх выдатныя салісты: Ірына Архіпава, Ліна Мкртчан, Марыя Біешу, Карына і Рузанна Лісіцыян, Артур Эйзен, Алег Пагудзін, Любоў Казарноўская, Раберціна Ларэці; харавыя і аркестровыя калектывы пад кіраўніцтвам сусветна вядомых дырыжораў: Генадзя Раждзественскага, Валерыя Палянскага, Уладзіміра Мініна, Саўлюса Сандэцкіса, Уладзіміра Співакова, Святланы Бязроднай, Аляксандра Анісімава; камерныя калектывы: «Віртуозы Масквы», «Вівальдзі-аркестр», трыа «Рэлікт», вакальны ансамбль «Арэра», Дзяржаўны струнны квартэт імя М. Глінкі, «Акадэмія старадаўняй музыкі»; вядучыя беларускія калектывы: Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Дзяржаўны камерны аркестр, Сімфанічны аркестр і хор Белдзяржтэлерадыёкампаніі, Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы, Музычная капэла «Санорус», вакальны ансамбль «Чысты голас», салісты Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Канцэрты вялі вядомыя музыказнаўцы: Элеанора Бяляева і Святаслаў Бэлза, Элеанора Язерская і Уладзімір Шаліхін, Мікалай Казінін...

Візітнай карткай горада з’яўляецца арган, усталяваны ў 1985 годзе майстрамі чэшскай фірмы «Riеger Kloss», які заваяваў музыкантаў і слухачоў незвычайным голасам, глыбіню якога падкрэслівае акустыка Сафійскага сабора.

Арганістка сабора, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ксенія Пагарэлая сваім майстэрствам заслужыла прызнанне і любоў жыхароў не толькі нашага горада, але і далёка за яго межамі. Яе творчая біяграфія цесна пераплялася з гісторыяй канцэртнай залы і стала часткай музычнай культуры Полаччыны.

У многіх жыхароў горада ёсць свая жыццёвая гісторыя, звязаная з гэтым памятным месцам: пад гукі аргана выпускнікі школ уступаюць у новае жыццё, маладыя запальваюць агонь сямейнага ачага, школьнікі знаёмяцца з музычным мастацтвам, юныя музыканты ўпершыню выходзяць на вялікую сцэну. А шматлікія госці горада, аднойчы пабываўшы на канцэртах у Сафійскім саборы, назаўжды пакідаюць тут часцінку сваёй душы.

Штогод у Сафійскім саборы праходзіць больш за 200 канцэртаў камернай і арганнай музыкі, важныя гарадскія мерапрыемствы. З 1988 года тут праводзіцца Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, а з 1996 года – першы ў Беларусі Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

Зараз у канцэртнай зале вядзецца падрыхтоўка да юбілейнага XXXV Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, які зусім хутка прадставіць знаўцам сапраўднага мастацтва майстэрства выканаўцаў з Беларусі і Расіі, а таксама разнастайнасць жанраў класічнай музыкі. А юныя музыканты прымуць удзел у V адкрытым фартэпіянным конкурсе «І. С. Бах і XXI стагоддзе».

Летапіс канцэртнай залы Сафійскага сабора працягваецца ― сотні канцэртаў, вядомыя імёны, сусветныя прэм'еры напаўняюць культурнае жыццё горада, знаходзячы водгук у слухачоў самых розных пакаленняў, беражліва захоўваючы і памнажаючы духоўныя традыцыі Полацкай зямлі.

495