Г. Б. Трыфсік: благаславенне на жыццё…

10 лютага 2023 г. у Краязнаўчым музеі, філіяле НПГКМЗ, у рамках Года міру і стваральнасці адбылася сустрэча з Ганаровым грамадзянінам горада Полацка Гарыем Барысавічам Трыфсікам. Імя гэтага чалавека добра вядома ў старажытным горадзе Беларусі. Вось ужо амаль паўстагоддзя ён ратуе жыцці людзей, захоўваючы ім самае дарагое ў гэтым свеце. У 1973 г. Гарый Барысавіч, пасля заканчэння Віцебскага медінстытута і праходжання інтэрнатуры, прыехаў жыць і працаваць у Полацк, дзе прайшоў шлях ад урача-тэрапеўта гарадской бальніцы імя У.І. Леніна да начальніка Полацкай станцыі пералівання крыві. Яго добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Германіі. Больш за 30 гадоў Г.Б. Трыфсік быў адным з каардынатараў сяброўскіх адносін з горадам-пабрацімам Фрыдрыхсхафенам. Сотні функцыянальных ложкаў, дарагая апаратура, расходныя матэрыялы – гэта толькі частка таго, што было перададзена ў полацкія медустановы, дзякуючы стараннасці і дыпламатыі Гарыя Барысавіча, які на ўсіх сустрэчах выступаў яшчэ і як перакладчык.

Музейная гасцёўня, якая сабрала маладых урачоў і медперсанал нашага горада, а таксама ўсіх тых, каму цікава прымаць удзел у мерапрыемствах, праходзячых у рамках праекта «Мне лёсам вызначаны Полацк…», прайшла ў вельмі цёплай і сяброўскай атмасферы. Гарый Барысавіч – выдатны суразмоўца. Ён не толькі расказваў пра сваю працоўную біяграфію, але і пра тых людзей, якія дапамагалі яму ў жыцці – вядомых полацкіх урачоў А.М. Лебедзеву, Н.С. Лекахе і інш. Больш за 20 гадоў Г.Б. Трыфсік узначальваў Полацкую станцыю пералівання крыві (СПК), якой у 2023 г. спаўняецца 90 гадоў.

У другой частцы сустрэчы І.П. Воднева, загадчык Краязнаўчага музея Полацка, падзялілася новымі архіўнымі дадзенымі аб гісторыі адной з першых СПК у Беларусі, аб тых спецыялістах, якія з апорай на навуку і свой вопыт, стаялі ля вытокаў гематрансфузіі ў нашай рэспубліцы. Аб станаўленні медыцыны ў Полацку ў 1920-1930-я гг. расказвае і адзін з тэматычных комплексаў пастаяннай экспазіцыі Краязнаўчага музея, а новая інфармацыя і матэрыялы з асабістага архіва Г.Б. Трыфсіка ў хуткім часе дапоўняць экспазіцыю стацыянарнай выставы «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка».

441