XXVII Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» стартуе ў Полацку

Зусім хутка ў старажытным Полацку адбудзецца адна з найбуйнейшых падзей у галіне музычнага мастацтва Беларусі — XXVII Міжнародны фестываль арганнай музыкі «ЗВАНЫ САФІІ». Дзякуючы гэтаму міжнароднаму праекту Полацк кожную восень становіцца цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва. З 23 кастрычніка па 27 лістапада аматары «жывой» музыкі з розных куткоў Беларусі і шматлікія госці горада змогуць атрымаць асалоду ад гучання полацкага аргана ў выкананні знакамітых музыкантаў з розных краін.

Сёлета ў Полацку двайное свята — пачатак юбілейнага 40-га канцэртнага сезона ў Сафійскім саборы і Міжнароднага фестывалю арганнай музыкі «Званы Сафіі». 23 кастрычніка запрашаем гасцей і жыхароў нашага горада на канцэрт заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ксеніі Пагарэлай і ўладальніцы каларатурнага сапрана, лаўрэата міжнародных конкурсаў і фестываляў, расійскай спявачкі Людмілы Трацэўскай.

Цэнтральнай падзеяй па традыцыі стане адкрыццё фестывалю. Арганістка Сафійскага сабора Ксенія Пагарэлая і камерны аркестр «Еўропа-цэнтр» пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава кожны год радуюць сваіх прыхільнікаў новымі яркімі праграмамі. Не стане выключэннем і сёлетні фестываль. 30 кастрычніка ў канцэртнай зале Сафійскага сабора разам з шэдэўрамі старадаўняй музыкі прагучыць полацкая прэм'ера твора беларускага кампазітара Аляксандра Літвіноўскага — Сюіта для струннага аркестра «Le Grand Cahier». Расійскі дуэт аргана і голасу — Анастасія Быкава і Святлана Белякова — выступіць 6 лістапада. У праграме канцэрта прагучаць творы вялікіх класікаў І. С. Баха, Г. Ф. Гендэля, А. Скарлаці, В. А. Моцарта, Т. Альбіноні. Музыку французскага рамантызму падораць слухачам вядучыя беларускія салісткі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Кацярына Нікалаева (арган) і Таццяна Кармазінава (флейта) 13 лістапада. 20 лістапада прыхільнікі арганнай музыкі пачуюць вялікія такаты Д. Букстэхудэ, Ш.-М. Відора, І. С. Баха, Л. Баэльмана, А. П’яцолы ў выкананні расійскага арганіста, клавесініста, кампазітара Фёдара Строганава. Завяршэннем свята музыкі 27 лістапада стане праграма «Два геніі: Вівальдзі і Бах». Лаўрэат расійскай прэміі «Арганіст года — 2021», салістка Цюменскай філармоніі Марыя Блажэвіч выступіць у Полацку ўпершыню.

Полацкі арган даўно пакарыў музыкантаў і слухачоў сваім незвычайным голасам, прыгажосць і глыбіню якога падкрэслівае ўнікальная акустыка Сафійскага сабора. Падарыце сабе і сваім блізкім самыя яркія эмоцыі!

Квіткі на канцэрты фестывалю прадаюцца ў касах Сафійскага сабора, Музея беларускага кнігадрукавання і Прыродна-экалагічнага музея. Аматары музыкі з іншых гарадоў могуць набыць квіток анлайн на сайце https://polotsk.online. Таксама ёсць магчымасць набыцця абанемента на ўсе канцэрты фестывалю. Інфармацыя па тэлефонах: +375(214)42-51-34, 42-17-51 (каса).

644