Прымнажаючы спартыўныя дасягненні

Ужо другі год Краязнаўчы музей Полацка рэалізуе праект «На шляху да спартыўных вяршыняў». На пляцоўцы часовай экспазіцыі «Народжаныя перамагаць», прысвечанай гісторыі развіцця фізкультуры і спорту, прайшло больш за дзесятак яркіх і цікавых мерапрыемстваў. Па выніках шматлікіх сустрэч у музея завязаліся сяброўскія адносіны з былымі выхаванцамі полацкіх спартыўных секцый і клубаў, трэнерамі, актыўнымі балельшчыкамі. Многія з новых сяброў дораць музею прадметы, звязаныя з гісторыяй спорту. Сярод такіх палачан і Сяргей Васільевіч Паўлаў, трэнер Полацкай ДЮСШ па футболе. Ён перадаў у музейны збор НПГКМЗ калекцыю сваіх фатаграфій і дакументаў. А 28 жніўня Сяргей Васільевіч падзяліўся з музейшчыкамі прыемнай навіной. Упершыню ў сваёй гісторыі хакейны клуб «Віцебск», у склад якога ўваходзіць і ўраджэнец Полацка Уладзіслаў Кавалевіч, выйграў Кубак Салея. У хакейную секцыю Улада прывёў яго бацька – Генадзь, выхаванец С.В. Паўлава. У 1980-1990-я гг. Генадзь Пустазвонаў сур'ёзна захапляўся футболам, быў паўабаронцам у полацкай футбольнай камандзе камбіната будматэрыялаў «КМС». Уладзіслаў Генадзьевіч Кавалевіч да нядаўняга часу гуляў за хакейны клуб «Нафтан», а перайшоўшы ў ХК «Віцебск» заняў месца бамбардзіра. Яшчэ ў маі 2022 г. у адным з інтэрв'ю трэнер віцебскай каманды Раман Юпатаў адзначаў якасную гульню полацкага хакеіста. І перамога хакейнага клуба «Віцебск» над адной з наймацнейшых беларускіх каманд «Гомель» не толькі даказала гэта, але і паказала высокі патэнцыял маладых спартсменаў Віцебшчыны, да якіх адносіцца і палачанін Уладзіслаў Кавалевіч.

519