Вывучаючы гісторыю малой радзімы

Краязнаўчы музей Полацка даўно стаў пляцоўкай не толькі для прамой камунікацыі з гарадской супольнасцю, але і кансультатыўным цэнтрам для розных катэгорый насельніцтва, якія цікавяцца гісторыяй роднага краю. У 2022 г. музей пачаў актыўнае супрацоўніцтва з Полацкай раённай арганізацыйнай структурай рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды». Для яе членаў загадчык Краязнаўчага музея Ірына Воднева падрыхтавала і правяла 4 пашыраныя кансультацыі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта, прысвечанага гісторыі горада Полацка. Рашэнне аб ажыццяўленні серыі сустрэч, па выніках якіх жыхары Полаччыны пазнаёмяцца з малавядомымі старонкамі гісторыі старажытнага горада Беларусі, было прынята падчас правядзення канферэнцыі ПРАС РДГА «Беларускае таварыства «Веды» ў сакавіку гэтага года. Адной з галоўных задач, пастаўленых перад членамі таварыства, стала папулярызацыя гісторыі малой радзімы праз знаёмства са зместам кніг з серыі «Спадчына Полацкай зямлі». За апошнія 17 гадоў з 2004 па 2021 г. выйшла 20 яе выданняў, а 2 кнігі перавыдадзены з дапаўненнямі. На кансультацыях у музеі, якія праводзіла І. Воднева, матэрыял дапаўняўся знаёмствам з асобнымі тэматычнымі комплексамі і найбольш яркімі экспанатамі музея. Да кожнай кансультацыі рыхтавалася і спецыяльная прэзентацыя, якая складалася з матэрыялаў, сабраных па дадзенай тэме навуковымі супрацоўнікамі ў розныя гады іх працы. Усё гэта ў далейшым садзейнічала якасным сустрэчам членаў ПРАС РДГА «Беларускае таварыства «Веды» з калектывамі полацкіх прадпрыемстваў і арганізацый у рамках інфармацыйнага дня. Рэалізацыя культурна-адукацыйнага праекта завершыцца ў верасні гэтага года прэзентацыяй кніг, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

509