Ноч музеяў удалася!

Ноч музеяў удалася! У Музеі ткацтва ў пятніцу было шмат гасцей. У шэсць гадзін вечара адбылося адкрыццё выставы драўляных цацак «Гульня, ды не штодня: свет драўлянай цацкі».   Аўтар твораў Віктар Дудкевіч не толькі распавёў гасцям пра асаблівасці свайго рамяства, але і правёў майстар-клас па стварэнні цацак з дрэва, пазнаёміў з традыцыйнымі беларускімі гульнямі. З вялікім задавальненнем не толькі дзеці, але і дарослыя ўдзельнічалі ў майстар-класе: усе зноў захацелі адчуць сябе дзецьмі.

Пасля адкрыцця выставы госці былі запрошаны на вечарыну, арганізаваную ўдзельнікамі фальклорнага гурта «Варган». Адна з залаў музея ператварылася ў сапраўдную  танцавальную пляцоўку. Да гукаў традыцыйнай беларускай музыкі першай трэці XX стагоддзя госці танчылі, спявалі разам, пляскалі ў далоні. Мінакі, пачуўшы лірычныя гукі скрыпкі, цымбал, беларускай дуды і бубна, не змаглі прайсці міма, таму з кожнай хвілінай месца на імправізаванай  музыкальнай пляцоўцы заставалася ўсё менш і менш. Чароўная атмасфера ночы музеяў кружыла і зачароўвала ўдзельнікаў вечарыны. Усе наведвальнікі шчыра дзякавалі супрацоўнікам музея, майстру Віктару Дудкевічу і музыкаў за добры настрой.

607