17 верасня – Дзень народнага адзінства

Напярэдадні Дня народнага адзінства супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка правялі сустрэчы з навучэнцамі Фарынаўскай сярэдняй школы і УА «Полацкая дзяржаўная гімназія №2». Тэма сустрэч – «БССР: ад падзелу да аб'яднання (1921–1939)» – падалася ім не толькі актуальнай, але і цікавай. Юнакі і дзяўчаты змаглі атрымаць цэласнае ўяўленне аб падзеях, што падзялілі беларускі народ на дзве часткі ў 1921 г., а таксама аб жыцці насельніцтва Усходняй і Заходняй Беларусі на працягу наступных гадоў. Асаблівы акцэнт быў зроблены на ўдзеле палачан І.П. Казлова і Б.І. Еронькі ў паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь 17 верасня 1939 г. i ажыццяўленні там ваенных дзеянняў Полацкай групай войскаў (3-я Армія) Беларускага фронту. Прыняцце Заходняй Беларусі ў склад БССР 12 лістапада 1939 г. сталася значнай падзеяй у гісторыі нашага народа. Падводзячы вынікі сустрэчы, навучэнцы адзначалі, што пасля амаль дваццацігадовага падзелу беларуская нацыя была аб'яднаная ў адной дзяржаве, што спрыяла яе далейшаму развіццю і дапамагло ў саюзе з іншымі народамі СССР атрымаць перамогу над нацызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны.

145