Экспазіцыі музеяў НПГКМЗ

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік ўключае 11 музеяў і гісторыка-культурны комплекс, кожны з якіх адлюстроўвае той ці іншы бок жыцця тысячагадовага горада. Многія з музейных будынкаў не толькі змяшчаюць экспазіцыі і выставы, але і самі з'яўляюцца аб'ектамі паказу як помнікі архітэктуры, што адлюстроўваюць багатую гісторыю і культуру Полацка.

 

 

Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора

Сафійскі сабор — самы старажытны на тэрыторыі Беларусі помнік каменнага дойлідства. Яго ўзвядзенне паклала пачатак не толькі каменнаму будаўніцтву, але і арыгінальнай полацкай школе дойлідства, якая аказала моцны ўплыў на развіццё архітэктуры на беларускіх землях. Старажытныя сцены сабора — гэта летапіс ў камені, ключ да разгадкі многіх таямніц Полацкай зямлі.

Да нашага часу Сафійскі сабор захаваўся ў значна змененым выглядзе, бо на працягу сваёй шматвяковай гісторыі неаднаразова падвяргаўся разбурэнням, пажарам і перабудовам, належаў хрысціянам праваслаўнай і ўніяцкай канфесій.
У 70-я гады XX стагоддзя ў саборы праводзіліся навукова-рэстаўрацыйныя работы і архітэктурна-археалагічныя даследаванні. У 1987 годзе была адкрыта экспазіцыя Музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора. У экспазіцыі можна ўбачыць фрагменты мура XI стагоддзя, практычна цалкам захаваны старажытны падмурак, фрагменты фрэскавага роспісу канца XI стагоддзя. Экспанаты музея распавядаюць пра гісторыю архітэктуры самай старажытнай каменнай пабудовы на тэрыторыі Беларусі, пра шматлікія перабудовы і апошняю рэстаўрацыю помніка.

Акрамя асноўнай экспазіцыі, у музеі прадстаўлена «Выстава драўлянай культавай скульптуры XVIII—XIX стагоддзяў», а таксама праходзяць зменныя выставы з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.


 

 

 

Краязнаўчы музей

Полацкі краязнаўчы музей размяшчаецца ў былой лютэранскай кірсе, помніку архітэктуры неаготыкі, пабудаванай ў 1888 годзе. Чырвоная цэгла, шпіль, востраканцовыя вежы-пінаклі, стральчатыя вокны — гэта характэрныя асаблівасці архітэктуры гатычных храмаў. Усе іх можна ўбачыць і ў полацкім помніку.

Найстарэйшы музей горада быў адкрыты ў 1926 годзе. Сёння яго экспазіцыя адлюстроўвае важнейшыя старонкі гісторыі горада і рэгіёна. Тут прадстаўлены помнікі эпохі мезаліту, а таксама каменнага стагоддзя — прылады працы, вырабы з косці і г.д. Аб зараджэнні і станаўленні горада як цэнтра рамёстваў і гандлю ў IX—XII стагоддзях распавядаюць вырабы ганчароў і кастарэзаў, ракавіны кауры з Мальдыўскіх астравоў, арабскія куфічныя дырхемы. Шматлікія прадметы ваеннага прызначэння — навершы булаў, наканечнікі стрэл, кальчугі — распавядаюць пра войны, якія пракаціліся па Полацку, і бітвы з удзелам палачан ў часы Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Часы знаходжання горада ў складзе Расійскай імперыі шырока прадстаўлены картамі, дакументамі, геральдыкай. Вялікая ўвага ў экспазіцыі надаецца Айчыннай вайне 1812 года, баям у Полацку і ​​пад Клясціцамі.

Гаспадарчае жыццё горада ў XIX — пачатку XX стагоддзя адлюстравана ў дакументах, узорах прадукцыі мясцовых фабрык, фотаздымках. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 года, Першая сусветная вайна і нямецкая акупацыя Полацка ў 1918 годзе, развіццё горада ў міжваенны час таксама знайшлі адлюстраванне ў экспазіцыі. Экспазіцыя «Ганаровыя грамадзяне Полацка» прадстаўляе асноўныя падзеі жыцця горада апошніх дзесяцігоддзяў.


 

 

 

Музей беларускага кнігадрукавання

Музей размяшчаецца ў будынку былога жылога корпуса / былых жылых келяў мужчынскага Богаяўленскага манастыра, які з'яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя.

Сёння ў Музеі ў 15 залах прадстаўлена каля 1500 экспанатаў. Тут можна разгледзець матэрыялы для пісьма і старажытныя формы кнігі, даведацца пра гісторыю паперы, пра стварэнне кнігі-кодэкса і падзівіцца разнастайнасці фарматаў кніг. Музей знаёміць таксама з гістарычнымі дзеячамі, якія стаялі ля вытокаў беларускай кніжнасці. Асобная зала Музея прысвечана аднаму з самых вядомых беларусаў і самаму, напэўна, вядомаму палачаніну — Францыску Скарыну. Для візуалізацыі працэсу стварэння першых друкаваных кніг у музеі прадстаўлена рэканструкцыя друкарні XVII—XVIII стагоддзяў. Знайшла адлюстраванне ў музейнай экспазіцыі і эвалюцыя навуковага вывучэння жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны.

Значны экспазіцыйны раздзел знаёміць з развіццём беларускай кнігавыдавецкай справы ў XVI—XVIII стагоддзях. Тыпам і відам друкаванай прадукцыі, а таксама развіццю беларускага выдавецкай справы ў пачатку XX стагоддзя прысвечана асобная зала Музея. Цікавасць у наведвальнікаў выклікае прадстаўленае ў музеі паліграфічнае абсталяванне мінулага стагоддзя. Лепшыя кнігі Беларусі — пераможцы конкурсу «Мастацтва кнігі», у тым ліку выданні для самых маленькіх чытачоў, дэманструюцца ў заключным раздзеле экспазіцыі.


 

 

 

Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага

У будынку былога жылога корпуса мужчынскага Богаяўленскага манастыра, сярод залаў Музея беларускага кнігадрукавання, размясціўся Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Ён аформлены ў стылі заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII—ХVІІІ стагоддзяў — двухузроўневае размяшчэнне кніжных шафаў, бюсты вучоных і філосафаў, чытальная зала і ў цэнтры — вялікі глобус.

Экспазіцыя распавядае пра розныя перыяды жыцця і дзейнасці Сімяона Полацкага: самы ранні полацкі перыяд, гады вучобы ў Кіеве і Вільні, маскоўскі перыяд жыцця. Значнае месца ў музейнай экспазіцыі адводзіцца літаратурнай і выдавецкай дзейнасці Сімяона Полацкага. У музейных вітрынах размясціліся арыгіналы яго кніг, выданні XVII—ХVІІІ стагоддзяў, копіі рукапісаў асветніка, яго фігурныя вершы ў стылі барока, а таксама працы сучасных навукоўцаў, прысвечаныя жыццю і дзейнасці знакамітага палачаніна.

Акрамя таго, тут захоўваецца частка калекцыі друкаваных выданняў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і фонд навуковай бібліятэкі.


 

 

 

Мастацкая галерэя

Мастацкая галерэя размяшчаецца ў адным з карпусоў былога езуіцкага калегіума, помніка архітэктуры XVIII стагоддзя. У экспазіцыі галерэі прадстаўлены калекцыі культавага прыкладнога мастацтва XII—XIX стагоддзяў, іканапісу XVIII—XX стагоддзяў, свецкага партрэтнага жывапісу XVIII стагоддзяў, выяўленчага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя.

Пастаянная экспазіцыя знаёміць з развіццём выяўленчага мастацтва Беларусі, пачынаючы з выставы «Сценапіс XII—XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы XII стагоддзя Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра». Раздзел іканапісу XVIII—XIX стагоддзяў, акрамя культавых прадметаў, уключае ў сябе шэсць абразоў XVIII стагоддзя мясцовай школы іканапісу з іканастаса Сафійскага сабора, калекцыю культавага меднага ліцця XIX стагоддзя і прадметы археалогіі XII стагоддзя.

Раздзел «Мастацтва Беларусі XX стагоддзя» ў храналагічным парадку, з 1935 года, прасочвае этапы развіцця беларускага мастацтва і знаёміць са значнымі імёнамі мастакоў.


 

 

 

Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я

Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я распавядае пра асаблівасці ручнога ткацтва канца XIX — пачатку XX стагоддзяў у Глыбоцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім, Верхнядзвінскім, Пастаўскім, Докшыцкім, Полацкім раёнах Віцебскай вобласці.

Традыцыйнае ткацтва — гэта адзін з самых распаўсюджаных і старажытных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, непасрэдна звязанага з вырабам прадметаў побыту: посцілак, абрусаў, ручнікоў і г.д. Музейная экспазіцыя размяшчаецца ў трох залах і асвятляе традыцыйны працэс стварэння тканых вырабаў канца XIX — пачатку XX стагоддзя ад пасадкі лёну да атрымання гатовага вырабу ў адпаведнасці з каляндарным прыродным цыклам.

Мадэль самога ткацкага рамяства прадстаўлена ў экспазіцыі Сусветным Дрэвам, якое, выступаючы ў якасці звяна паміж сусветам і чалавекам, з'яўляецца месцам іх перасячэння. Крона Сусветнага Дрэва распавядае пра сакрэты вырошчвання і першаснай апрацоўкі лёну, ствол — пра выраб тканіны і яе выкарыстанне ў жыцці чалавека, крона — пра загадкавы свет міфалагічных сімвалаў і значэнняў, зашыфраваных нашымі продкамі ў шматлікіх арнаментах, што ўпрыгожваюць амаль кожную даматканую рэч. Рознакаляровыя закадзіраваныя пасланні на ручніках, святочных строях, далучаюць наведвальніка музея да ўнікальнай спадчыны традыцыйнай беларускай культуры.


 

 

 

Стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай»

Экспазіцыя створана на аснове каштоўнага і змястоўнага музейнага экспаната 1910 года — «Даведніка па горадзе Полацку», выдадзенага ў Полацку з нагоды перанясення мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк. Яна распавядае пра гісторыю вуліцы Ніжне-Пакроўскай, пра людзей, якія на гэтай вуліцы жылі, пра тыя пабудовы і ўстановы, якія знаходзіліся тут у 1910 годзе.

Інтэр'еры будынкаў жаночай гімназіі, банка і казначэйства, гандлёвай крамы Мінца, заезджага дома Давіда Арляеўскага, аптэкі Баярынблюма і гасцінай гарадскога галавы Мікалая Восіпавіча Ласковіча, якія знаходзіліся некалі на Ніжне-Пакроўскай вуліцы, ілюструюць стыль, побыт, норавы і моду Полацка пачатку XX стагоддзя.


 

 

 

Музей баявой славы

Пастаянная і часовыя экспазіцыі Музея баявой славы размешчаны ў пяці экспазіцыйных залах.

Першая зала музея знаёміць наведвальнікаў з гераічнай абаронай Полацка ад гітлераўскіх захопнікаў (27 чэрвеня — 16 ліпеня 1941 года), а таксама з жыццём горада і яго жыхароў у перыяд нацысцкай акупацыі (ліпень 1941 — ліпень 1944 гадоў). Другая зала музея прысвечана тэме «Партызанскі рух на Полаччыне». Экспазіцыя асвятляе арганізацыю і баявую дзейнасць партызанскіх атрадаў і брыгад Полацкага рэгіёна, дзейнасць партызанскіх медыкаў. Экспазіцыя трэцяй залы апавядае аб наступальнай аперацыі «Баграціён», падчас якой тэрыторыя Беларусі была вызвалена ад нямецкіх войскаў, а таксама аб Полацкай наступальнай аперацыі як яе складовай часткі, у выніку якой быў вызвалены Полацк.

Чацвёртая і пятая залы прызначаны для размяшчэння выстаў і часовых экспазіцый. Зараз у іх размешчаны часовая экспазіцыя «Друкаваны фронт», дзе можна пазнаёміцца ​​з агітацыйнымі матэрыяламі Савецкага Саюза і нацысцкай Германіі перыяду Другой сусветнай вайны, і часовая экспазіцыя «За мужнасць і гераізм ... Узнагароды Вялікай Перамогі», прысвечаная нашым землякам — афіцэрам і салдатам, работнікам савецкага тылу і партызанам, іх ратнаму і працоўнаму подзвігу ў гады вайны.


 

 

 

Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанка

Экспазіцыя размясцілася ў адным з пакояў дома, дзе з 1975 па 1980 год пражывала Зінаіда Міхайлаўна Тусналобава-Марчанка — ганаровы грамадзянін горада Полацка, санінструктар стралковай роты, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны выратавала жыццё дзясяткам байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі.

Музей распавядае пра дзяцінства і юнацтва Зінаіды Міхайлаўны, яе ўдзел у баях Вялікай Айчыннай вайны, лячэнне ў шпіталі № 3861, дае ўяўленне аб сямейным жыцці і грамадскай працы гераіні.

У музеі можна ўбачыць дакументы, фатаграфіі, асабістыя рэчы і ўзнагароды З.М. Тусналобавай-Марчанка. Сярод узнагарод найбольшую цікавасць уяўляе медаль Флорэнс Найцінгейл, якая прысуджаецца Міжнародным Чырвоным Крыжам. З.М. Тусналобавай-Марчанка — трэцяя жанчына Савецкага Саюза, удастоеная гэтай узнагароды.


 

 

 

Гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы»

Комплекс прысвечаны гісторыі Полацкага ўмацаванага раёна — складовай часткі сістэмы ўмацаванняў, вядомай як «Лінія Сталіна». Полацкі УР — адзін з нямногіх умацаваных раёнаў, які выканаў сваю баявую задачу ў пачатковы перыяд вайны.

Наведаўшы комплекс «Поле ратнай славы», вы зможаце пабываць у сапраўдным доце, на якім пакінула страшныя сляды мінулая вайна, зазірнуць у бліндаж, прайсці па акопах і паспрабаваць уявіць сабе, як выглядала гэта месца на пачатку вайны. Вы даведаецеся пра людзей, якія, нягледзячы ні на што, стрымлівалі перавышаючыя сілы ворага, уносячы свой уклад у набліжэнне Перамогі.


 

 

 

Дзіцячы музей

Экспазіцыя музея — гэта пазнавальна-гульнявая прастора, дзе кожны наведвальнік, незалежна ад узросту, знойдзе сабе занятак па душы, зможа папрактыкавацца ва ўважлівасці, кемлівасці, спрыце, творча праявіць сябе. Яркая сучасная прастора трох экспазіцыйных залаў Дзіцячага музея фарміруе асаблівае, зацікаўленае стаўленне да свету прадметаў.

У двух першых экспазіцыйных залах музея вы пазнаёміцеся з самымі рознымі прадметамі: гадзіннікамі, паддужнымі званочкамі, фотаапаратамі, самаварамі, маркамі і паштоўкамі, даведаецеся пра гісторыю іх вынаходніцтва і ўдасканалення, зразумееце, што чалавек па сваёй сутнасці — стваральнік і вынаходнік. У экспазіцыі «Падарожжа з кніжнай закладкай», што знаходзіцца на трэцім паверсе музея, увазе наведвальнікаў прапануюцца дзіцячыя кнігі, цацкі, а таксама «чарадзейныя» прадметы з казак. Аматараў марскіх падарожжаў прыцягне комплекс «Яхта». Крыху фантазіі — і вы ўжо капітан, які трымае курс да берагоў загадкавай Антарктыды…


 

 

 

Прыродна-экалагічны музей

Музей размяшчаецца ў былой воданапорнай вежы, пабудаванай у 1956 годзе. Экспазіцыя музея паказвае прыроду як каштоўнасць і частку чалавечага існавання, а чалавека — як частку прыроднага космасу. У аснову экспазіцыі пакладзены канфлікт чалавека з прыродай, яе засваенне чалавекам.

Экспазіцыя пабудаваная такім чынам, што наведвальнік спачатку мае магчымасць палюбавацца роднай прыродай, знаёмымі краявідамі. Але па меры таго, як ён падымаецца ўверх па лесвіцы музея, маляўнічыя пейзажы змяняюцца на будзённыя, звыклыя для нашых вачэй тэхнагенныя прасторы з адпаведнымі чорна-шэрымі насельнікамі. У выніку чалавечай дзейнасці ў прыродзе адбываюцца змены, чалавек дамінуе і парушае экалагічную раўнавагу, зусім забыўшыся на тое, што ён сам — частка гэтай прыроды. У выніку па планеце крочыць экалагічны крызіс, і планета просіць дапамогі. Пра гэта распавядае наступная зала экспазіцыі, дзе гаворка ідзе пра існаванне прыродаахоўных тэрыторый Беларусі: пушчаў, запаведнікаў, заказнікаў.

У апошняй зале музей прапануе наведвальніку зрабіць свой выбар: ці ісці далей тым жа небяспечным шляхам, ці спыніцца і падумаць аб тым, як можна адшукаць гармонію ў адносінах чалавека з прыродай.