НОЧ МУЗЕЯЎ у Музеі беларускага кнігадрукавання. Запрашаем на «Вячэрні праменад па вуліцах Музея»


Музей – гэта цэлы горад са сваімі плошчамі, вуліцамі, паркамі. У ім жывуць насельнікі – музейныя экспанаты, якія пасяліліся ў Музеі не выпадкова. Кожны з іх мае свой сакрэт, сваю таямніцу. Як і мы, адны экспанаты гатовы з кожным падзяліцца сваім сакрэтам, другія ж надзейна хаваюць яго за сценамі доміка-вітрыны. Аднак гэта незвычайная ноч, якая бывае толькі раз на год, калі жыхары горада Музея раскрыюць вам свае таямніцы!

Запрашаем у горад Музей, дзе вы зможаце няспешна прайсці ад Параднай плошчы да плошчы Роднага Слова, зазірнуць у Пісцовы тупік, прысесці на лаўку на вуліцы Мастакоў. Толькі ў Ноч музеяў будзе даступна захапляльнае падарожжа-даследаванне «Вячэрні праменад па вуліцах Музея», здзейсніць якое можна абсалютна бясплатна!


Чакаем вас 18 мая 2018 г. у Музеі беларускага кнігадрукавання па адрасе: вул. Ніжне-Пакроўская, 22

з 17.00 да 23.00 (увага: карты выдаюцца да 22.30!).


Усіх наведвальнікаў музейнай ночы чакае прыемны сюрпрыз! Упершыню ў экспазіцыі музея будзе прэзентавана ўнікальнае выданне 1817 г., якое выйшла ў друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі, - першая кніга гэтай друкарні ў зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка!

436