Жывёльны свет у традыцыйнай культуры беларусаў


Культ жывёл вядомы ў многіх народаў свету, у тым ліку беларусаў. Яго адгалоскі захаваліся да нашых дзён у фальклорных паданнях, казках, песнях, а таксама ў прадметах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі нашых продкаў, свет прадстаўляе сабой Дрэва, якое звязвае ўсе формы жыцця. Кожная частка дрэва – карані, ствол, крона – адпавядаюць сваёй прасторы, на якой гарманічна размяшчецца ўсё жывое, у тым ліку і жывёлы. З нізам, “каранямі”, суадносяцца дробныя млекакормячыя, рэптыліі, рыбы сярэдзіна – “ствол” – капытныя жывёлы і млекакормячыя, верх – “ крона” – птушкі.

У сістэме традыцыйнай народнай культуры важнае месца займаюць міфалагізаваныя вобразы жывёл і птушак. Усе яны ў старажытнасці мелі сімвалічную ролю, акрамя таго, з’яўляліся татэмамі.

У казках жывёлы часта выступаюць у якасці цудоўных памочнікаў герояў, або як самастойныя персанажы (напрыклад, “З рога ўсяго многа”, “Каток-залаты лабок”). Выкарыстанне жывёл падчас каляндарных святаў і абрадаў было скіравана на тое, каб надаць іх сілу і здольнасці людзям. Жывёлы могуць выступаць у ролі ахвяры пры будаўніцтве, забяспечваць дабрабыт гаспадароў. Адзін са старажытных звычаяў, які захоўваецца і па сённяшні дзень – запускаць першай котку ў новую хату.

Жывёлы ў народным мастацтве беларусаў прысутнічаюць з першабытных часоў. На думку нашых продкаў, сілуэты жывёл у дэкоры вырабаў ці формы вырабу ў выглядзе свяшчэннай жывёлы павінны былі забяспечыць здароў’е, дабрабыт, засцерагчы ад нячыстай сілы. У народным мастацтве беларусаў найбольшай папулярнасцю карысталіся вобразы каня, казы, барана. Іх сілуэты можна бачыць у дэкоры народнага жытла (вільчакі, ліштвы, каваныя клямкі), на драўляных каўшах-карцах, дошках штампах, у выглядзе драўляных цацак-свістулек. Што датычыцца аздаблення народнага тэкстылю выявамі жывёл і птушак, то гэта традыцыя пачынае распаўсюджвацца з сярэдзіны ХІХ ст., калі на змену традыцыйным геаметрычным арнаментам прыходзяць узоры з друкаваных выданняў. Нягледзячы на тое, што такія ўзоры хутчэй прадыктаваны тагачаснай модай і не маюць дачынення да беларускай традыцыйнай арнаментыкі, усё ж такі дзякуючы старажытнаму культу жывёл арганічна ўпляліся ў сістэму дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асобна трэба адзначыць выявы жывёл і птушак на маляваных дыванах, якія з’яўляюцца культурнай адметнасцю Беларусі з адмысловымі прыёмамі выканання ў звычайнай наіўна-рэалістычнай манеры.

Запрашаем паглядзець выстаўку “Жывёльны свет у традыцыйнай культуры беларусаў”!

Выстаўка будзе працаваць з 1 снежня па 1 сакавіка.

На ёй пройдзе шмат цікавых заняткаў, майстар-класаў, лекцый.

Сачыце за нашымі навінамі!







®
Система Orphus