Фестывалі

Дзякуючы ўнікальнай акустыцы ў 1983 годзе ў Сафійскім саборы была адкрыта канцэртная зала. За гэтыя гады яна набыла славу адной з лепшых канцэртных залаў у Еўропе і стала шырока вядомая за межамі не толькі Полацка, але і Беларусі.

У 1985 годзе ў саборы ўпершыню загучала арганная музыка. Спецыяльна для залы Сафійскага сабора чэшская фірма «Riеger Kloss» спраектавала і ўсталявала арган, які безумоўна прызнаны музычнай грамадскасцю лепшым канцэртным інструментам у Беларусі.

Сусветнае прызнанне канцэртная зала Сафійскага сабора атрымала дзякуючы штогадовым міжнародным музычным праектам: у сакавіку-красавіку тут праводзіцца Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, у лістападзе - Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі».

 

I МІЖНАРОДНЫ ФЕСТЫВАЛЬ СТАРАДАЎНЯЙ І СУЧАСНАЙ КАМЕРНАЙ МУЗЫКІ (да 1991 г. - Усесаюзны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі) адбыўся ў 1988 годзе. Гэта падзея да сённяшняга дня застаецца адной з самых значных у музычнай гісторыі сучаснай Беларусі.

За многія гады полацкі фестываль набыў свой твар, заняў асаблівае месца ў культурным жыцці Беларусі. Беларускія і замежныя, прафесійныя і аматарскія калектывы, сольныя выканаўцы, чые творчыя дасягненні адзначаны ўзнагародамі, званнямі і дыпломамі міжнародных конкурсаў і фестываляў, маюць за гонар выступіць на знакамітай полацкай сцэне, нязменна захапляючыся прыгажосцю і веліччу найстаражытнага храма Беларусі і ўнікальнай акустыкай Сафійскага сабора.

З 2015 года ў рамках фестывалю праводзіцца Адкрыты абласны дзіцячы фартэпіянны конкурс «І. С. Бах і XXI стагоддзе», які з'яўляецца адзіным у Віцебскай вобласці ў намінацыі «фартэпіяна сола».

Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі спрыяе папулярызацыі выканаўчага майстэрства ў галіне камернай музыкі, развіццю творчых сувязяў з дзеячамі музычнай культуры замежных краін, працягвае і захоўвае традыцыі камернага музіцыравання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

МІЖНАРОДНЫ ФЕСТЫВАЛЬ АРГАННАЙ МУЗЫКІ «ЗВАНЫ САФII» даўно ўпісаны ў штогадовы каляндар культурных падзей Беларусі як адзін з самых яркіх музычных праектаў, дзякуючы якому Полацк становіцца цэнтрам сусветнага арганнага выканальніцтва. Ідэя правядзення арганнага фэсту ў Полацку належыць салістцы канцэртнай залы Ксеніі Пагарэлай.

I Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафіі» адкрыўся 15 лістапада 1996 года выступленнем вядомага аўстрыйскага арганіста, прафесара Іагана Трумэра.

За шматгадовую гісторыю праекта яго ўдзельнікамі сталі майстры арганнага мастацтва з 23 краін свету. Полацкі арган пакарыў музыкаў і слухачоў сваім незвычайным голасам, прыгажосць і глыбіню якога падкрэслівае ўнікальная акустыка Сафійскага сабора.

Галоўная мэта фестывалю «Званы Сафіі» - папулярызацыя выканальніцкага арганнага майстэрства, знаёмства з класічнай спадчынай кампазітараў арганнай музыкі мінулых стагоддзяў і сучаснасці, з арганнай культурай розных краін і развіццё міжнародных творчых сувязяў.

 

Адна з лепшых канцэртных залаў Еўропы, размешчаная ва ўнікальным помніку архітэктуры, з'яўляецца вельмі значным і прыцягальным культурным аб'ектам як для палачан і шматлікіх гасцей горада, так і для выканаўцаў з розных краін свету, якія імкнуцца выступіць у Сафійскім саборы, па заслугах ацэньваючы атмасферу, любоў, якая пануе ў зале, і яе непаўторную акустыку.