Маладыя супрацоўнікі на міжнароднай канферэнцыі

19-20 лістапада 2009 года ў канферэнц-зале НПГКМЗ прайшла міжнародная канферэнцыя "Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць".

Як і чакалася, яна прайшла на самым высокім узроўні. Ад Краязнаўчага музея на мерапрыемстве выступіў старшы навуковы супрацоўнік Вашчанка Аляксандр Пятровіч. У сваім дакладзе "Рэфармацыя як спроба стварэння нацыянальнай царквы" Аляксандр Пятровіч зрабіў спробу адлюстраваць агульна-гістарычны фон перыяду, у якім жыў і працаваў Сімяон Полацкі. У выступленні было выказана меркаванне аб тым, што галоўнай падзеяй 16 ст., безумоўна, складанага і насычанага, стала менавіта Рэфармацыя. Гэты рух паспрыяў уздыму нацыянальнай свядомасці, яскравым прыкладам чаго з'явілася выданне Бібліі на мове, набліжанай да народнай. Таксама ў дакладзе прагучала думка аб магчымасці пачатку "беларускай" Рэфармацыі раней за нямецкую, бо Біблія Францыска Скарыны, як вядома, была надрукавана раней за Біблію Марціна Лютэра. Напрыканцы другога дня ўсе ўдзельнікі канферэнцыі аддзячылі арганізатараў самымі цёплымі словамі.

429