Князёўна з трыма імёнамі

На чацвёртым тыдні кастрычніка ў Краязнаўчым музеі прайшлі музейна-педагагічныя заняткі з цыкла “Мой старажытны горад”. Вучні сярэдніх школ №№ 1, 2, 10, 16, 18 і ПДГ № 1 завіталі ў музей на чарговы занятак “Князёўна з трыма імёнамі. Ізяслаў”, які быў прысвечаны знакамітай полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну.

Дзеці даведаліся пра першага вядомага князя Полацка – Рагвалода і ягоную дачку Рагнеду, знакамітае “крывавае вяселле”, няўдалую спробу забойства Гарыславай князя Уладзіміра, заступніцтва за маці князевіча Ізяслава, пра аднаўленне Полацка і княскай дынастыі Рагвалодавічаў. З дапамогай магічнай стужкі часу вучні змаглі зазірнуць у глыб гісторыі і ўявіць тое далёкае дзесятае стагоддзе, калі адбыліся ўсе згаданыя падзеі.

Набыць новыя веды дапамог аўдыёаповед беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова. На занятку ўпершыню для дзяцей прагучалі новыя тэрміны “Язычніцтва”, “Хрысціянства”, “Манахіня”, “Асветнік”. Дзеці атрымалі магчымасць адчуць сябе вучнямі старажытнай школы: старанна выводзілі літары пісаламі на васкаваных таблічках. Завяршыўся занятак разгадваннем крыжаванкі.

2225