У якіх багоў верылі нашы продкі?

Адказ на гэтае пытанне вучні полацкіх школ атрымалі на музейна-педагагічным занятку, які носіць адпаведную назву.

Гэты занятак прайшоў у верасні ў рамках музейна-педагагічнай праграмы, якая рэалізуецца на базе музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Параўнальна новая распрацоўка супрацоўнікаў Краязнаўчага музея (тэкст занятка і нагляднасці да яго былі распрацаваны і прадэманстраваны 4-ым класам адной з полацкіх школ у 2008-2009 навучальным годзе) увайшла ў агульную сітэму заняткаў для дзяцей 9-гадовага ўзросту. Урок з аналагічнай назвай уключаны ў праграму школьных заняткаў курса “Мая Радзіма – Беларусь”.

Музейна-педагагічны занятак праводзіцца на адкрытым паветры, у двары Дзіцячага музея на беразе Заходняй Дзвіны, што дапамагае стварыць атмасферу прысутнасці на старажытным свяце ўшанавання язычніцкага бога, ці ўявіць, як па рацэ плывуць лодкі з рыбакамі, якія кідаюць у ваду пачастунак для вадзянога духа. Дзеці знаёмяцца са старажытнымі вераваннямі продкаў, з багамі і духамі, якіх шанавалі тысячы гадоў назад, са звычаямі і павер’ямі, што захаваліся да нашых часоў, з гісторыяй з’яўлення тых або іншых выразаў і слоў сучаснай мовы. Занятак праводзіцца на беларускай мове. Ён насычаны гульнямі, забаўляльнымі момантамі (ваджэнне карагоду, спяванне песень). Для лепшага запамінання і далейшага ўзнаўлення інфармацыі на ўроку пры дапамозе навукова-інфармацыйнага аддзела спецыяльна распрацавана камп’ютэрная гульня, што праводзіцца напрыканцы занятка ў камп’ютэрнай зале музея.

Занятак “У якіх багоў верылі нашы продкі?” надоўга застанецца ў памяці дзяцей і, нават, настаўнікаў, якія актыўна ўключаліся ў ваджэнне карагода ці, напрыклад, завяршальную гульню.

2439