V Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць»

21-22 лістапада 2019 года ў Музеі-бібліятэцы Сімяона Полацкага адбудзецца V Міжнародная навуковая канферэнцыя “Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць”, прысвечаная 390-годдзю славутага асветніка і 25-гадоваму юбілею Музея. Упершыню канферэнцыя падобнага маштабу была праведзена ў Полацку ў 1999 годзе, і з тых часоў кожныя пяць год Музей збірае ў сваіх сценах навукоўцаў і аматараў гісторыі роднага краю дзеля абмеркавання вынікаў сваіх даследаванняў жыцця і спадчыны выбітнага палачаніна, гістарычнай і культурнай сітуацыі, сведкам якой быў Сімяон Полацкі, пытанняў ушанавання яго памяці. Асобая ўвага заўсёды надаецца кнізе: супрацоўнікі музеяў і бібліятэк дзеляцца вопытам ў вырашэнні пытанняў захавання, прэзентацыі і інтэрпрэтацыі помнікаў кніжнай культуры Беларусі.

Гэты год не будзе выключэннем. Ужо зараз аргкамітэт канферэнцыі прымае заяўкі на ўдзел ад гісторыкаў, культуролагаў, кнігазнаўцаў, філолагаў з розных краін свету. Збор заявак працягнецца да 20 кастрычніка.

Акрамя таго, падчас работы канферэнцыі палачане і госці горада атрымаюць выдатную магчымасць пабачыць арыгінальныя выданні Сімяона Полацкага. Да юбілею Музея сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай Нацыянальнай акадэміі навук рыхтуецца выстава рэдкіх аўтэнтычных кніг Сімяона Полацкага, факсімільных выданняў яго рукапісаў і прысвечных яму першых навуковых публікацый. Мерапрыемства абяцае быць вельмі цікавым.

Інфармацыйнае пісьмо

1349