Майстар-клас «Ткацтва з купальскіх раслін» па вырабе габелена з траў

07.07.2018 16:00

Сябры! Музей традыцыйнага ткацтва Паазер'я
запрашае вас на майстар-клас «Ткацтва з купальскіх раслін» па вырабе габелена з траў.

Бярдо, бердышка — старажытнае і паўсюль распаўсюджанае прыстасаванне для ручнога ткацтва. Гэтым старажытным спосабам можна ствараць тканыя паясы, стужкі, тасьму, палатно, элементы адзення.

А калі замест утка выкарыстоўваць лекавыя травы, карэнні, мох і іншыя дары прыроды, то можна саткаць цыноўкі, габелены, дываны. Бердышка дазваляе прыродны матэрыял моцна сплесці, нібыта саткаць ніткамі.

Традыцыйна травы, расліны і зёлкі збіралі ў вызначаныя дні, калі яны набіралі сваю найбольшую лекавую моц. І потым яны выкарыстоўваліся ўвесь год як абярэгі, імі ўпрыгожвалі абклады абразоў, а таксама з іх гатавалі настоі для лячэння, адвары, чаі.

Выкарыстоўвалі самыя звычайныя травы, якія растуць у полі, у лесе, каля дарогі, але як яны, сатканыя, пачынаюць граць сваёй фактурай! Зярняткі, каробачкі, зёлкі ствараюць сапраўднае палатно. Да таго ж травы цікавыя не толькі сваёй фактурай, але і прыродным водарам. Ёсць расліны, якія захоўваюць свой тонкі водар гадамі.

Ткацтва травамі — гэта бясконцае захапленне, якое дорыць ўсё новыя ідэі і адкрыцці. А прыродная разнастайнасць, арыгінальны знешні выгляд дарожак, дываноў, габеленаў упрыгожыць ваш дом і створыць добры настрой!

Пачатак 7 ліпеня а 16-й гадзіне
Кошт: 3 рублі
Тэлефон для даведак: 42-30-41
Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я, Войкава, 1





®
Система Orphus