Выстава графікі беларускіх мастакоў


У юбілейны год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання адкрыццё выставы друкаванай графікі вельмі своечасовае і сімвалічнае, паколькі беларускае графічнае мастацтва мае традыцыі, эвалюцыя якіх цесна звязана з гісторыяй рукапіснай і друкаванай кнігі. У сярэднявеччы графічнымі мініяцюрамі і ўстаўкамі ўпрыгожваліся і ілюстраваліся кнігі. З развіццём кнігадрукавання графічныя творы набылі характар эстампа (адбітка). Багатыя традыцыі ў справе беларускай друкаванай гравюры заклаў знакаміты асветнік Францыск Скарына. Ксілаграфіі ў выдадзеных Скарынам кнігах, найбольш раннія ў славянскім друку, і па сённяшні дзень выклікаюць захапленне ў сучасных майстроў-графікаў. Паступова друкаваная графіка выйшла на новы ўзровень і адасобілася ад кнігадрукарскай справы. Друкаваная графіка стала не столькі ілюстрацыяй кніжных тэкстаў, колькі самастойным творам мастацтва.

Сёння графіка асабліва запатрабаваная сярод майстроў і аматараў, што знайшло адлюстраванне у калекцыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у фондах якога сабрана багатая і разнастайная калекцыя друкаванай і станковай графікі. Такая актуальнасць гэтага віду мастацтва вызначаецца здольнасцю графікі хутка і жыва адгукацца на творчы парыў і думку мастака, адпавядаць яго індывідуальнаму почырку і стылю.

Выстава беларускай друкаванай графікі ўвабрала ў сябе працы таленавітых майстроў, якія валодаюць непаўторным стылем, і знаёміць са шматлікімі відамі і тэхнікамі эстампа. Тэхналогія эстампа дзівосна разнастайная і ўключае рознахарактарныя прыёмы: ксілаграфію, літаграфію, лінагравюру, афорт, манатыпію і іншыя. Кожная з іх мае свае складанасці і спецыфіку выканання, адрозніваецца своеасаблівасцю лініі і штрыха.

Беларуская друкаваная графіка карыстаецца сусветнай вядомасцю дзякуючы высокаму прафесійнаму ўзроўню беларускіх мастакоў. Сярод аўтараў, чые работы прадстаўлены на выставе: Уладзімір Савіч, Андрэй Басалыга, Юрый Якавенка, Леў Аімаў, Вольга Нікішына, Таццяна Радзівілка, Канстанцін Селіханаў, Павел Амелюсік, Тамара Шэлест, і многія іншыя – як прыхільнікі акадэмічных прыёмаў, так і мастакі, якія аддаюць перавагу эксперыменту ў тэхналогіі і выкананні эстампа. Экспазіцыя выставы ў Мастацкай галерэі сумяшчае пераемнасць старадаўніх традыцый і сучасны падыход у справе друкаванай графікі.

Шчыра запрашаем! Выстава будзе працаваць да 8 кастрычніка.

Мы знаходзімся па адрасе: г. Полацк, вул. Стралецкая, 4А-4

Спраўкі па тэлефону: 42-36-32

Як прайшло адкрыццё, можна даведацца тут.

223