Вечарына памяці, прысвечаная першым Ганаровым грамадзянам горада Полацка


І зноў Краязнаўчы музей Полацка вырашыў сабраць тых, каму цікава гісторыя роднай Полаччыны. На пляцоўцы новай выстаўкі, прысвечанай ганаровым палачанам, прайшоў вечар памяці першых Ганаровых грамадзян нашага горада.
Роўна 50 год таму ў 1967 г. з ліку жыхароў Полацка было абрана 11 чалавек, якія мелі за плячыма вялікі працоўны шлях. Большасць з іх прайшлі не адну вайну, мелі баявыя ўзнагароды, прымалі самы актыўны ўдзел ва ўзнаўленні пасляваеннага Полацка. Не гледзячы на такі нялёгкі лёс, іх адрознівала вялікая працаздольнасць, клопат не столькі аб сваім жыцці, колькі аб тых, хто жыў вакол іх. Яны былі прыкладам для сваіх дзяцей і сяброў. Менавіта пра гэта ўспаміналі шаноўныя госці, якія прыйшлі ў музей падзяліцца сваімі ўспамінамі з усімі прысутнымі.
Пра полацкага кразнаўцу, выкладчыка ляснога тэхнікума распавядала Ніна Уладзіміраўна Азернікава, сям’я якой мела вельмі цесныя зносіны з сям’ёй Ганаровага грамадзяніна Івана Пятровіча Дэйніса. Ніна Уладзіміраўна нагадала пра шчырыя адносіны паміж усімі членамі сям’і Дэйнісаў, пра выкладчыцкія здольнасці Івана Пятровіча, яго любоў да мінулага, пра іх нялёгкае жыццё ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Цікавыя звесткі пра пошукі лёхаў у былым кадэцкім корпусе ўзгадала Марыя Усцінаўна Бабко. Будучы дзяўчынкай, яна разам з Іванам Пятровічам не аднаразова спускалася ў падзямеллі, пра якія І.П. Дэйніс ведаў шмат цікавых гісторый. Марыя Усцінаўна, працуючы ў Гарадскім палацы культуры, сустракалася і з іншымі Ганаровымі грамадзянамі, якія атрымалі званне ў 1967 г. Гэта Г.С. Пятроў, І.М. Ліхачоў, С.П. Партноў, Н.Ш. Сіманоўскі, С.В. Барэйка, А.А. Дабравольскі. А самыя цёплыя ўражанні пакінула ў яе памяці сустрэча з З.М. Тусналобавай-Марчанка. На вечарыну памяці прыйшоў родны сын Героя Савецкага Саюза – Уладзімр Іосіфавіч Марчанка. Ён падзяліўся сваімі ўспамінамі пра маці, якая была для яго прыкладам ва ўсім. Ён адзначыў, што быць сынам такой гераічнай жанчыны было заўсёды адказна і складана.
Пра свайго любімага дзеда расказала шмат цікавага і ўнучка Васіля Сямёнавіча Свірко – Ірына Уладзіміраўна Башкатава. Хто б мог падумаць, што вайсковая форма мужчыны са строгім поглядам хавае вельмі гасціннага чалавека. У доме, які Васіль Сямёнавіч пабудаваў сваімі рукамі, вельмі часта збіраліся не толькі члены вялікай сям’і Свірко (акрамя сына і яго дачкі ў сям’і пражывалі ўнукі загінулага сына і сястра-інвалід), але яшчэ сябры і блізкія людзі. В.С. Свірко выдзялялі праўдзівасць і жаданне падзяліцца апошнім з тымі, хто звярнуўся да яго па дапамогу.
Калі напрыканцы сустрэчы ў прысутнай на мерапрыемстве моладзі спыталі, хто з ганаровых палачан мог стаць для іх прыкладам у жыцці, яны пералічылі ўсіх. Сапраўды, у кожнага з 11 чалавек быў свой непаўторны лёс, але ўсіх іх яднала адно – любоў да роднай Полаччыны, якая аддзячыла ім прысваеннем пачэснага звання – ГАНАРОВЫ ГРАМАДЗЯНІН.









®
Система Orphus