Па выніках навукова-краязнаўчай канферэнцыі

7-8 снежня 2016 г. у Полацку прайшла навукова-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 90-годдзю Краязнаўчага музея Полацка. Гэта была ўжо чацвёртая па ліку канферэнцыя за апошнія 20 год. У яе рабоце прынялі ўдзел навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прадстаўнікі Полацкага і Гродзенскага дзяржаўных ўніверсітэтаў, музеяў Беларусі, Расіі, Латвіі, спецыялісты архіваў, вядомыя краязнаўцы Полаччыны, настаўнікі школ. У параўнанні з мінулай канферэнцыяй тэматыка дакладаў і спіс удзельнікаў значна пашырыліся.
Тэматыка выступленняў ахоплівала шырокі спектр пытанняў археалогіі, этнаграфіі, філасофіі, гісторыі і культуры Полаччыны ад часоў Полацкага княства і па сённяшні дзень. У дакладах былі прадстаўлены вынікі археалагічных раскопак, навуковых дасягненняў і краязнаўчых пошукаў за апошнія гады. Вялікая колькасць выступоўцаў прадстаўляла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, якія паказаў высокі ўзровень навуковай школы Полаччыны, вынікі сумеснай працы з музейшчыкамі Расіі. Шмат дакладаў было прысвечана ваеннай тэматыцы - Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнам, даследчыкі падзей якіх у наш палітычна нестабільны час звярнулі ўвагу грамадскасці на негатыўныя бакі ваенных канфліктаў і іх наступствы. Дакладчыкі ўздымалі пытанні і пасляваеннай гісторыі Полаччыны, вывучэнне якой мае вялікае значэнне для развіцця гістарычнай думкі Беларусі.
Цікавасць да канферэнцыі з боку навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, архівістаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, музейных супрацоўнікаў з Расіі і Латвіі з'яўляецца доказам папулярнасці канферэнцыі ў навуковым асяроддзі. Удзельнікі адзначылі неабходнасць і важнасць правядзення навукова-краязнаўчых канферэнцый у Полацку, іх уклад у развіццё навуковай і краязнаўчай думкі ў рэгіёне, значнае павелічэнне інтарэсу прафесійных гісторыкаў і краязнаўцаў-аматараў да гісторыі Полаччыны. Па выніках канферэнцыі плануецца выданне матэрыялаў.
Напярэдадні юбілею супрацоўнікамі Краязнаўчага музея была праведзена вялікая пошукавая праца па тэме "Ганаровыя грамадзяне горада Полацка". Вынік гэтай працы - адкрыццё новай выставы, якая стала працягам асноўнай экспазіцыі музея.

580